«Залежыць усё ад паставак мяса. Ёсць пастаўкі мяса – працуем, няма – даюць выходныя, распавядае спадар Сяргей. – Не абавязкова ў суботу і нядзелю, могуць даць выходныя і пасярод тыдня».
Летась на Сяргея Працэнку склалі пратакол за адміністратыўнае правапарушэнне.
«У працаўніка сын нарадзіўся. Пасля працы зайшлі ў кавярню, адзначылі трошку. Ну і патруль спыніў з пахам», – распавядае Сяргей.
Гэтага хапіла, каб паставіць пытанне пра высылку спадара Сяргея з нашае краіны на тры гады.
«Я пачала распытваць, чаму не на паўгода, не на год, а менавіта на тры гады. Паведамілі: скажыце дзякуй, што не на дзесяць, – распавядае жонка Сяргея Ірына Працэнка. – Я папросту не ўяўляю, калі яго вышлюць, як мы будзем жыць. У нас крэдыты, растэрміноўкі, садок. Калі ўсё сплаціць, мне застанецца 140–150 рублёў. І, канечне, да нас будуць прыходзіць сацыяльныя службы, яны ўсе будуць ціснуць на мяне. А што я адна магу зрабіць?»
Сёлета Буда-Кашалёўскія міграцыйныя службы збіраліся выслаць яшчэ аднаго мужчыну – Віталя Кузьмянкова з вёскі Негаўка.
«Яго звольнілі з працы, быў у нецвярозым стане, але ўсё роўна збіраліся зноў браць на працу, – кажа ўдава Віталя Вольга Кузьмянкова. – Мы з’ездзілі ў пашпартны стол, яна ў яго забрала від на жыхарства і адразу выпісала».
Саракагадовы Віталь Кузьмянкоў скончыў жыццё самагубствам. У яго засталося шэсць дзяўчатак. Мужчыну збіраліся выслаць у Расею на дзесяць гадоў. У перадсмяротнай цыдулцы Віталь Кузьмянкоў напісаў, што прычына ўчынку – высыланне.
«Я б нават не падумала, нават не верыла, дагэтуль мне не верыцца, – распавядае ўдава. – Паўсюль прабіваўся, від на жыхарства ён жа ў Менску атрымаў…»
За некалькі месяцаў праз пагрозу высылання з нашае краіны скончылі жыццё самагубствам тры асобы. Другі выпадак адбыўся летась у снежні ў Лоеве. Трэцяя трагедыя здарылася ў Брагінскім раёне.
Што да гісторыі Сяргея Працэнкі, мы пацікавіліся ў праваабаронцы Леаніда Судаленкі, ці маюць сэнс такія жорсткія рашэнні Буда-Кашалёўскіх міграцыйных службаў.
«Ніхто не выйграе ад гэтай высылкі: ні дзяржава, таму што ён мае крэдыты, ні ягоная сям’я, бо застанецца жонка без мужыка, а дзеці без бацькі. Тым больш што дзеці рызыкуюць трапіць у сацыяльна небяспечнае становішча, бо могуць да іх ужыць Дэкрэт № 18», – кажа праваабаронца.
Падчас рыхтавання сюжэту да эфіру стала вядома, што Гомельскі абласны суд адмяніў пастанову Буда-Кашалёўскага суда і рашэнне мясцовага РАУСу аб высыланні Сяргея Працэнкі. Ён застаецца са сваёй сям’ёй у Беларусі.
Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.