Стоўбцы: «Памірае мінімум 11 чалавек»


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Каронавірус наступае, а дзяржава рыхтуецца да суботніка. Лічба захварэлых, нават афіцыйна, набліжаецца да 10 тысяч. Асабліва драматычна выглядае сітуацыя ў малых гарадах, больніцы якіх горш прыгатаваныя. У сеціве «беларускім Бергамо» называюць Стоўбцы. У невялічкім гарадку штодня адбываецца па некалькі пахаванняў у закрытых трунах, больш за сотню чалавек ляжаць з пнеўманіяй у раённым шпіталі, паведамляюць незалежныя журналісты.

Размаўляем з жыхаркай Стоўбцаў Палінай Кандраццявай, якая думала, што яе гэта не датычыць, а цяпер мае хворую на каронавірус маці. Пры гэтым нараджаецца шмат чутак, а нават абсурднай інфармацыі, напрыклад, пра крэматорый у Воршы.

Паразмаўляем з мясцовым актывістам і жыхаром гораду Ігарам Казмерчакам. Суботнікі пры гэтым ніхто не адмяняў ні ў Стоўбцах, ні ў Воршы. А што пра іх думаюць жыхары сталіцы? Адказваюць Менчукі.

Лекар Аляксандр Лобан з Горадні каментуе абвінавачванне Лукашэнкам медыкаў у распаўсюджванні заразы, а таксама суботнік, на які накіроўваюць і медыкаў, якія знаходзяцца на перадавой і таксама паміраюць ад каронавіруса. Жыхары Віцебску ацэньваюць такія дзеянні ў дачыненні лекараў.

А нашая карэспандэнтка Маша Макарава з Масквы распавядзе пра тое, што кажуць у Расеі пра Лукашэнку і Беларусі ды галоўныя праблемы самой краіны-суседкі. Запрашае Сяргей Пасасонны.

belsat.eu