Спартовы аглядальнік: Колю Лукашэнку хакей не патрэбны


У Менску завяршыліся гарадскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба». Пераможцам стала каманда цэнтральнага раёну «Грыфоны», якая выйграла «Партызанаў» – 5:2, а лепшым бамбардзірам прызналі… Колю Лукашэнка. Пра гэта ўласна і размаўляем з нашым спартовым аглядальнікам Алесем Пуцілам:

«Ёсць спорт высокіх дасягненняў, які Беларусі не вельмі ўласцівы, толькі асобным спартоўцам, а ёсць аматарскі спорт. Крыўдна, што нашыя вядомыя прафесійныя сродкі масавай інфармацыі, такія як «Прэсбол», таксама ўжываюць гэтую інфармацыю і падаюць гэта кожны раз пра Колю Лукашэнка – ці іх прымушаюць, ці не, не ведаю. Але кожны раз ён становіцца найлепшым, зразумела. Ёсць хакей – сапраўды дзіцячы спартовы, спартовая школа, а ёсць хакей для Колі Лукашэнка, то бок для чалавека, які бліжэй да ўлады. Калісьці Лукашэнка казаў: не трэба рабіць з мяне ідала, я просты звычайны чалавек. І вось вам просты звычайны чалавек выхаваў свайго сына Колю, які не мае абсалютна ніякіх перспектываў стаць хакеістам. І ў той час, калі менскае «Дынама» валіцца ў чэмпіянаце КХЛ, калі моладзевая зборная вылецела з эліты, зараз толькі імкнецца вярнуцца, калі юніёрская зборная вылецела з эліты, мы ўзносім Мікалая Лукашэнку. […] Я ведаю дакладна, што гэтаму чалавеку (Мікалаю Лукашэнка) хакей не патрэбны. Яго бацька ўсунуў яго толькі, каб лішні раз прапіярыцца…»

А як ставяцца да спартовых перамогаў Колі Лукашэнкі грамадзяне? Ды, ці лічаць ягоную нядаўнюю перамогу ў турніры Залатая шайба заслужанай? Мы запыталіся ў жыхароў Менску.

Фота: president.gov.by