«Слядамі Каліноўскага». Чым Каліноўскі зарабляў на жыццё?


«Слядамі Каліноўскага» – спецпраект, адмыслова падрыхтаваны з нагоды цырымоніі перапахавання ўдзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў. Журналіст «Белсату» Сяргей Падсасонны наведаў 5 найважнейшых мясцінаў з жыцця Кастуся Каліноўскага.

Частка 3. Пецярбург

Шэры, халодны і вільготны Пецярбург. Сюды браты Каліноўскія едуць з Масквы ў ліпені 1856 года. Гэты пераезд наробіць шмат чутак: нібыта Віктара Каліноўскага выключылі за распаўсюд забароненых кніг, чужую віну ён узяў на сябе, а пазней гэтыя чуткі-плёткі будуць адносіць да Кастуся.

Насамрэч Віктар атрымаў прапанову працаваць пры зборы матэрыялу ў Археалагічнай камісіі пры Музеі старажытнасцяў. Запрасіў яго Адам Кіркор, які надаваў вялікую ўвагу вывучэнню славянскіх народаў, асабліва – беларусаў, звяртаўся да ўладаў, каб беларуская мова была мовай навучання ў школах, гэта пад яго ўплывам з’явіўся беларускі буквар.

Браты Каліноўскія пасяліліся ў Пецярбурзе на Выбаргскім баку. Другая Госпітальная вуліца ў доме Маслава. Побач Самсоніеўскі мост праз Няву і два буйныя цукровыя заводы. Не самае лепшае месца для жыцця. Гісторык Васіль Герасімчык піша:

«Пакуль старэйшы брат вышукваў гістарычныя дакументы ў публічнай бібліятэцы, паралельна наладжваючы сувязі з рэвалюцыйнымі гурткамі, Канстанцін 1 жніўня падаў прашэнне на імя выконваючага абавязкі рэктара Пецярбургскага ўніверсітэту вядомага фізіка Эмілія Хрысціянавіча Ленца аб дапушчэнні да прыёмных экзаменаў».

Кастусь Каліноўскі паспяхова здае іспыты і ўжо 15 кастрычніка 1856 года становіцца студэнтам Пецярбургскага ўніверсітэту. Тут пачынаецца глыбокае знаёмства з гісторыяй, правам, філасофіяй, палітэканоміяй, псіхалогіяй, логікай ды іншымі дысцыплінамі. Універсітэт робіцца месцам фармавання Каліноўскага-дэмакрата – актыўнага абаронцы сялянскае незалежнасці, выступоўцы на ўсялякіх сходах.

Брат Віктар працуе ў бібліятэцы, збірае звесткі па гісторыі Рэчы Паспалітай у агульнай чытальнай зале. Ён зарабляе на жыццё навуковай працай. Кастусь – рэпетытарствам. Віктар стаў сапраўднай энцыклапедыяй па гісторыі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Фармуе бібліятэку ажно на 230 адзінак. Да бібліятэчнай дзейнасці прыцягвае і Кастуся, які завяршае дысертацыю.

У Пецярбурзе гэтага часу з’яўляюцца шматлікія студэнцкія таварыствы. Гэта час дзейнасці Дабралюбава, Чарнышэўскага. Браты Каліноўскія – актыўныя ўдзельнікі. Кастусь уваходзіць у зямляцтва студэнтаў «Агул», абіраецца бібліятэкарам, як кажа гісторык Васіль Герасімчык, фактычна кіраўніком. Паўстае таемнае кола Серакоўскага-Дамброўскага. У яго трапляе брат Віктар, а праз яго і Кастусь.

Пецярбург – месца навучання і актыўнасці. Тут адбываюцца знаёмствы, завязваюцца сяброўствы, будуюцца далейшыя рэвалюцыйныя кантакты, важныя для разгортвання рэвалюцыйнай арганізацыі ў Горадні пазней. Пецярбург – гэта мары пра аднаўленне Рэчы Паспалітай, мары пра паўстанне.

Аднак не стае сродкаў на ўтрыманне, іх пошук перашкаджае навучанню, усё гэта цягне цяжкія побытавыя ўмовы, псіхалагічныя праблемы. Каліноўскі падае прашэнне за прашэннем у фінансавай дапамозе. У Кастуся нават пачынаюцца прыступы эпілепсіі.

21 студзеня 1861 года Каліноўскаму ўдаецца абараніць дысертацыю і атрымаць званне кандыдата навук. 19-га ж лютага Аляксандр Другі адмяняе прыгоннае права, аднак гэта быў падманлівы аптымізм.

Працяг будзе.

Сяргей Падсасонны belsat.eu

Студыя «Белсат»
«Слядамі Каліноўскага». Мастаўляны і два імені Каліноўскага
2019.11.22 00:53