Колькі каштуюць харчы ў Барсэлоне, у новым выданні праграма «Беларускі свет» распавядае былая мянчанка Вольга Улевіч.
У сталіцу Каталоніі яна перабралася пяць гадоў таму, калі выйшла замуж. Адпрацаваўшы 16 год журналісткай, а пасля – рэдактарам «Камсамольскай праўды» ў Беларусі, на новым месцы Вольга Улевіч асвоіла зусім іншую прафесію – стала турыстычным гідам і ладзіць аўтарскія туры па Каталоніі.
Свой поспех яна тлумачыць журналісцкімі якасцямі:
«Гід – гэта той, хто расстаўляе акцэнты. І журналісты ўмеюць гэта рабіць».
Акрамя таго, яна арганізоўвае гастранамічныя туры. У каталонцаў ёсць чым здзівіць гасцей. Не жадаеце сыру ў авечай шкуры? Ці хамону па Br 1000 за кг? А можа пакаштуеце «вядзьмарчына віно»? Што трэба шукаць, дык гэта гарбату:
«Тут гарбату не п’юць. А я, проста як наркаман, паўсюль шукаю гарбату», – кажа Вольга.
Некалі яна нават баялася марыць пра тое, што будзе жыць у Барсэлоне:
«Чаму адбываюцца гэткія цуды ў нашым жыцці? Бо ты не хлусіш, ты не ідзеш на кампрамісы. Бо калі табе не падабаецца гэтае жыццё, ты гатовы яго мяняць. Я не магла дазволіць сабе жыць нецікава ў 39 год», – тлумачыць Вольга.
Здымачную групу «Беларускага свету» яна запрасіла на дах адной з барсэлонскіх камяніцаў, дзе зладзіла пікнік. Як выглядае славутае «вядзьмарчына віно» і колькі яно каштуе, глядзіце ў праграме «Беларускі свет» (відэа ў пачатку артыкулу).