Спачатку анамальна цёплая зіма, потым эпідэмія каронавіруса. Пасля першай могуць быць праблемы з ураджаем, а пасля другога мы рызыкуем застацца без імпартных тавараў. І гэта праблема, бо імпарт займае значную частку харчовых паліцаў у крамах. Што пра тое думаюць чыноўнікі і ці збіраюцца нешта рабіць, аналізуе эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі.
Савецкі Саюз праслаўлены быў нормамі і нарматывамі. Панапісвалі іх камуністы на ўсе выпадкі жыцця. Былі і страшныя: у крайнім выпадку на суткі прадугледжвалася 160 г мукі і літар вады – рабі сабе боўтанку і праваюеш два тыдні. Меней нельга. І ў наш мірны час ёсць свая мяжа. Сёння пагаворым пра харчовую бяспеку.
Бо ёсць нават Дактрына нацыянальнай харчовай бяспекі да 2030 года і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, калегія каторага парадавала народ рэкамендацыямі па выкананні тае дактрыны.
І праўда, калі ў хаце ўсё гэта ёсць ды ў дзяржаве тога ў дастатку, можна жыць і не бедаваць. Першая харчовая небяспека зараз не ў тым, што не хапае чагосьці, а ў тым, што многа імпартаванага. Пра другую небяспеку, што добрая рыба, ялавічына і садавіна палавіне спажыўцоў не па кішэні – дзіўна думаюць міністры.
Імпартаваць харчы ў Беларусь прасцей і выгадней, чым вырошчваць і гадаваць тут. Бо зямля нібыта ўсім належыць і ў выніку – нічыя. Што ў вёсках – усе бачаць.
Па замысле аўтараў дактрыны харчовых тавараў прывазных павінна застацца 15 %, а як у крамах палічылі – то ёсць 23 %. Здавалася б, той бяды, паднаціснуць вяскоўцы і з вясёлымі песнямі прыйдуць да выбараў з рэкорднымі… Стоп-стоп-стоп… Нікуды яны не прыйдуць, бо жыццё не такое простае, як здаецца: яно значна прасцейшае.
Да такой ступені, што разумееш: ніякай харчовай бяспекі тут і блізка няма, а відаць толькі чорны цень савецкай нормы.
Вось, напрыклад, рыбу і садавіну прывозім амаль што ўсю, якую спажываем. І тут варта ўспомніць дзіўныя рэчы.
Да 1917 году наш край, браўшы ў сучасных межах, быў чыстым экспарцёрам рыбы і забяспечваў Маскву і Піцер вішнямі, грушамі і ляснымі ягадамі.
А рыба давала тут 20 % пратэіну насельніцтву, не тое што цяпер – ласунак.
З грэчкаю, алеем і шмат чым яшчэ – ня надта лепей. Усё пералічанае і згаданае не выгадна вырабляць дзяржаўным парабкам, а сялянаў ліквідавалі як саслоўе.
Растуць цэны, а зрабіць спажыўцоў харчоў плацежаздольнымі і вытворцаў праз тое – заможнымі, розуму не хапае ў начальства. Вось і працягваюць бальшавіцкую гульню ў нарматывы. З гонарам дакладваюць аб распрацоўцы чарговых, цытую, «рэкамендацый па гранічных максімальных узроўнях гандлёвых надбавак на сацыяльна значныя тавары».
Рэкамендацыі на хлеб не намажаш і ў краме імі не разлічышся, таму кожны павінен сам клапаціцца пра харчовую бяспеку сваёй сям’і, а дзеля таго падвышаць кваліфікацыю і дамагацца справядлівай аплаты працы. Поспехаў.
Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».
Міхал Залескі, belsat.eu
Фота: Caters News / Forum