Саджаць на вілы або змяняць сістэму. На што гатовыя маці асуджаных паводле «наркатычных» артыкулаў


Жанчыны, сваякі якіх атрымалі крымінальныя тэрміны паводле «наркатычных» артыкулаў, выходзілі на мітынгі, абвяшчалі галадоўкі, дабіваліся сустрэчы з чыноўнікамі самага высокага рангу, але так і не здолелі стаць сілаю, якая зменіць сістэму.

Пры канцы мінулага года стала вядома, што чаканае змякчэнне антынаркатычнага 328 артыкулу так і не адбудзецца. Законапраект, які б уносіў праўкі ў некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле дэпутатаў, выклікае шмат пытанняў. Актывістка грамадскага руху «Наша права», маці асуджанага паводле 328 артыкулу Алена Яцкевіч зазначае, што сёння яна і ейныя паплечніцы, чыя дзеці трапілі пад крымінальны пераслед, не ведаюць, што рабіць.

Тупіковая сітуацыя прывяла і да канфлікту ў шэрагах сваякоў асуджаных.

«У нас з’віліся непаразуменні. «Наша права» больш займаецца законапраектамі, у нас юрысты ў групе. Рух маці 328, ён больш, як вам сказаць… узяць вілы і пайсці з імі на кагосьці. Такія непаразуменні. Мы разышліся, і паразумення, хутчэй за ўсё, не будзе. Магчыма, вядома, але пакуль яго няма», – пры гэтым Алена Яцкевіч адзначае, што зусім не супраць выступленняў і мітынгаў, але важна, каб яны адбываліся згодна з заканадаўствам.

Як падлічылі сваякі зняволеных, паводле «наркатычных» артыкулах сёння асуджана больш за 17 тысячаў чалавек. Пра рэакцыю Міністра ўнутраных справаў на звароты сваякоў асуджаных, дэмаграфічныя праблемы і асабістую барацьбу даведайцеся больш з «Размовы дня» актывісткі грамадскага руху «Наша права» Алены Яцкевіч і Святланы Калінкінай.