Міхэіл Саакашвілі ў інтэрв’ю Аліне Коўшык раскрывае невядомыя факты: Пуцін прапаноўваў USD 2 млрд. Лукашэнку за прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асетыі. У «Прасвеце» эксклюзіўнае інтэрвʼю з экс-прэзідэнтам Грузіі, а таксама з былым губернатарам Адэскай вобласці Міхэілам Саакашвілі.
Іншыя тэмы праграмы:
Упершыню з 1996 года не было традыцыйнага вулічнага шэсця ва ўгодкі чарнобыльскай трагедыі. Улады акцыю дазволілі, але выйшлі толькі 30 чалавек. Прычына – нежаданне, а як кажуць крытыкі, – і няздатнасць арганізатараў аплаціць паслугі праваахоўнікаў адпаведна з пастановай аб новым парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Гаворка пра 5700 рублёў. Ці знайшлі ўлады канчатковае развязанне праблемы вулічных пратэстаў? Матэрыял Усевалада Шлыкава.
Усе еўрапейскія чыноўнікі былі ўпэўненыя што Лукашэнка прызнае Абхазію і Паўднёвую Асетыю, – прызнаецца Міхэіл Саакашвілі ў інтэрвʼю Аліне Коўшык. Што ён думае пра беларускі народ? Што можа паўстрымаць Пуціна ад анексіі Беларусі? Чаму Пуцін не разумее Зяленскага? Што ён цяпер арганізоўвае і калі вернецца ва Украіну? Глядзіце ў інтэрв’ю з экс-прэзідэнтам Грузіі, а таксама з былым губернатарам Адэскай вобласці Украіны.
Тэрмін «унутрана перамешчаная асоба» зрабіўся надзвычай актуальным з пачатку канфлікту на Данбасе. А ці можа быць унутрана перамешчаная навучальная ўстанова? Улетку 2014 года, калі Данецк быў захоплены тэрарыстамі, адукацыйныя пытанні стаялі далёка не на першым месцы. Але студэнты і выкладчыкі не паддаліся ды вырашылі ратаваць Данецкі ўніверсітэт. Матэрыял Змітра Міцкевіча.
Казахстан набліжаецца да датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў, і нашыя карэспандэнты сустрэліся з маладымі людзьмі ў Алмаце і Нур-Султане – каб даведацца, пра што марыць казахская моладзь. Першы не цікавіцца палітыкай і плануе неўзабаве з’ехаць з краіны. Другая гераіня, наадварот, вярнулася ў Казахстан пасля адстаўкі Нурсултана Назарбаева. Ці з’явілася ў Казахстане надзея? Рэпартаж Аркадзя Несцярэнкі і Дзяніса Дзюбы.
Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25. Заходзьце на Facebook праграмы!