Былыя акторы тэатру ім. Янкі Купалы падрыхтавалі адмысловы падарунак да Дня закаханых. Яны прачыталі трапяткі і пяшчотны верш Яўгеніі Янішчыц «Ты пакліч мяне. Пазаві…».
Акторы нагадваюць нам, што нават у час выпрабаванняў і нягодаў ёсць тое, што грэе нашыя сэрцы, – любоў. А цяпер, як аказваецца, пачуцці можна выказаць і з дапамогаю бел-чырвона-белай сімволікі. Каханне – гэта… разам марыць пра новую і свабодную Беларусь.
Цягам апошніх некалькіх месяцаў беларусы выявілі незвычайную салідарнасць, мабілізацыю ў слушных справах і адкрытасць іншым людзям. Усё гэта беларусы чынілі, кіруючыся любоўю, – галоўным рухавіком людскога жыцця. «Пачынаецца ўсё з любві. А інакш і жыць немагчыма…»
Былыя акторы Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы, звольненыя ўладамі за сваю грамадзянскую пазіцыю, у эфіры нашага тэлеканалу па-новаму пераасэнсоўваюць паэтычную класіку ў праекце «Вершы».