Прэзідэнт Малдовы паляцеў у Маскву, каб загасіць дыпламатычны канфлікт


У адказ на высылку расейскіх дыпламатаў з Малдовы і Эстоніі Расея выправадзіла з Масквы частку супрацоўнікаў эстонскага і малдаўскага пасольстваў. І калі Эстонія прыняла меры ў адказ, не каментуючы іх, то малдаўскі прэзідэнт абвінаваціў у праблемах уласны ўрад, які дзее, паводле яго словаў, па ўказцы замежных куратараў. І паляцеў у Маскву ратаваць адносіны з Крамлём.

«Не паддавайцеся эмоцыям і не прымайце ў сувязі з гэтымі правакацыйнымі дзеяннямі ўраду Малдовы паспешных рашэнняў. Праблемы па экспарце або па мігрантах будуць біць не ў дэмпартыю, не ў іх куратараў з-за мяжы. Гэта будзе біць па сотнях тысяч нашых грамадзянаў», – заявіў прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон.

Пакуль ён нічога не можа супрацьпаставіць праеўрапейскаму ўраду краіны, акрамя ваяўнічай рыторыкі. Малдаўскія ўлады настойваюць, што ў іх ёсць доказы дзейнасці расейцаў, несумяшчальнай з іх статусам. А выправаджэнне пецярых супрацоўнікаў пасольства Малдовы – гэта амаль палова персаналу. І вялікая страта асабіста для Ігара Дадона – кажуць эксперты.

«Цяперашні амбасадар Малдовы ў Расеі Андрэй Нігуца – гэта чалавек Дадона, чалавек, які быў чальцом ягонай партыі сацыялістаў, працаваў дарадцам па вонкавай палітыцы ў адміністрацыі прэзідэнта. І да выканання абавязкаў амбасадара ён прыступіў 2 тыдні таму», – патлумачыў карэспандэнт выдання «Коммерсант» у Малдове Уладзімір Салаўёў.

Расейскія афіцыйныя асобы, з якімі Дадон сёння сустрэўся ў Маскве, мяркуюць, што высылка дыпламатаў з Кішынэва накіраваная асабіста супраць Дадона. Празаходні ўрад страляе сабе ў нагу, адзначыў віцэ-прэмʼер Расеі Дзмітрый Рагозін.

«Менавіта дзякуючы паляпшэнню адносін з Расеяй Малдова атрымае дадатковыя сродкі для развіцця эканомікі, атрымае велізарны рынак у асобе Расеі, атрымлівае добрага партнёра, уплывовага ў свеце, які дапаможа Малдове вырашаць шматлікія праблемы», – адзначыў Дзмітрый Рагозін.

У Расеі дрэнныя адносіны з малдаўскім урадам, і добрыя адносіны з малдаўскім прэзідэнтам, які нічога не можа гэтаму ўраду супрацьпаставіць, кажуць эксперты. А вонкавая палітыка Малдовы з моманту абрання пракрамлёўскі настроенага Ігара Дадона прэзідэнтам стала двухгаловай.

«Гэтыя дзве галавы вонкавай палітыкі знаходзяцца ў пастаянным канфлікце. Але ў адрозненне ад прэзідэнта, у якога няма рэальных інструментаў і рычагоў улады, таму што Малдова застаецца парламенцкай рэспублікай, ва ўрада ёсць усе інструменты, уключаючы парламенцкую большасць, і ён здольны прымаць нейкія рашэнні, якія ўплываюць на хуткасць інтэграцыйных працэсаў», – заўважыў Уладзімір Салаўёў.

Абодва бакі, як адзначаюць эксперты, гуляюць на геапалітычных перавагах малдаванаў. І яшчэ мацней расколваюць і без таго расколатае малдаўскае грамадства. Расея ж у чарговы раз апынулася ў эпіцэнтры дыпламатычнай вайны, раптам забараніўшы да таго ж увоз віна з Чарнагорыі.

Маша Макарава, belsat.eu