Пэн: паміж сякераю і Парыжам


Жорсткае забойства скалыхнула Віцебск 1 сакавіка 1937 г. У ноч напярэдадні беларуска-габрэйскаму мастаку Юрыю (Юдалю) Пэну перарэзалі нажом горла, а цела скалечылі сякераю. Паводле афіцыйнай версіі, яго забілі сваякі, каб абрабаваць. Але ці толькі прагавітым родзічам было выгаднае забойства мастака? Таямнічыя абставіны смерці настаўніка Марка Шагала высвятляюць у новай серыі «Лабірынтаў».

З імем Юрыя Пэна звязаны росквіт мастацкага жыцця ў Віцебску першай паловы XX стагоддзя, дзе ён адкрыў першую ў Беларусі прафесійную мастацкую школу. Сярод ягоных вучняў быў і знакаміты Марк Шагал, з якім Пэн усё жыццё ліставаўся. Шагал не аднойчы запрашаў свайго настаўніка пераехаць у Парыж і забраць увесь свой даробак з сабою. І, падобна, Пэн усур’ёз разглядаў гэткую перспектыву.

Савецкія ўлады зрабілі ягонае жыццё невыносным: прызначылі мізэрную пенсію, перасталі вылучаць палотны ды фарбы, нават майстэрню Пэна не ацяплялі. Нягледзячы на складанасці, мастак трымаўся прынцыпу не прадаваць палотнаў. Калі ў1934 годзе Трэцьякоўская галерэя прапанавала за вялікія грошы купіць адную з ягоных карцін, ён адмовіўся, бо «як гэта можна – прадаваць уласных дзяцей».

Пэн не адмовіўся ад свайго прынцыпу не прадаваць карціны нават тады, калі да яго прыйшоў начальнік віцебскага гораддзелу НКВД старэйшы лейтэнант Гарбаленя. Чэкіст, які пазней вёў справу забойства Пэна, наведаў мастака незадоўга да ягонай смерці. Гарбаленя хацеў, каб Пэн прадаў карціну з выяваю ягонай аголенай жонкі, якая патаемна пазавала мастаку.

Каму была патрэбная смерць мастака: ягоным родзічам Файнштэйнам, якія спачатку прызналі віну, але на судовых паседжаннях адмаўляліся ад паказанняў, сцвярджаючы, што далі іх пад ціскам. А, можа, лейтэнанту Гарбаленю, які пазней па-зверску забіў сваю жонку. Ці спрычыніліся да забойства мастака тагачасныя віцебскія ўлады, якія хацелі мець усе карціны Пэна, але баяліся, што той збяжыць у Парыж? Глядзіце ў наступным фільме з цыклу «Лабірынты» (відэа вышэй).

Іншыя «Лабірынты» тут.