Экстраннае паседжанне Рады бяспекі ААН ды магчымае ўвядзенне новых санкцыяў. ЗША, Японія і Паўднёвая Карэя адрэагавалі на новыя ракетныя выпрабаванні КНДР. А Сеул нават разглядае магчымасць запуску ў адказ сваёй балістычнай ракеты.
Апошняя ракета, якую напярэдадні запусціла КНДР, была, найхутчэй, ракетаю сярэдняй далёкасці. Такі вынік зрабілі адмыслоўцы Пентагону, прааналізаваўшы траекторыі палёту і падзення ракеты ў Японскім моры.
У адказ на выпрабаванні ЗША, Японія і Паўднёвая Карэя запатрабавалі экстраннага паседжання Рады Бяспекі ААН. Пры гэтым Вашынгтон, паводле некаторых звестак, не выключае ўвядзення новых санкцыяў у дачыненні КНДР.
«Мы будзем узмацняць і ўмацоўваць нашыя жыццёва важныя альянсы ў Ціхаакіянскім рэгіёне ў межах нашай стратэгіі стрымлівання ды перадухілення варожасці, якую мы бачылі за апошнія гады з боку Паўночнай Карэі», – кажа дарадца Белага Дому Стывен Мілер.
Навіна пра запуск паўночнакарэйскай ракеты заспела японскага прэмʼер-міністра Сіндзо Абэ ў ЗША, дзе ён сустракаўся з прэзідэнтам Доналдам Трампам.
«Запуск апошняй ракеты Паўночнай Карэі абсалютна недапушчальны. Паўночная Карэя мусіць цалкам выконваць адпаведныя рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН», – сказаў прэмʼер-міністр Японіі Сіндзо Абэ.
«Я проста хачу, каб усе зразумелі і ведалі, што Злучаныя Штаты будуць стаяць за Японіяй, гэта выдатны хаўруснік, на 100 адсоткаў», – сказаў Доналд Трамп.
Адпаведныя захады зрабіла і Паўднёвая Карэя. Гэтак, афіцыйны Сеул разглядае магчымасць запусціць ракету «Хён-Му-2-A» з далёкасцю палёту прыблізна 300 кіламетраў альбо ракету «Хён-Му-2-Бэ», якая можа пераадолець 500 кіламетраў – прыблізна столькі праляцела і ракета, выпрабаваная КНДР.
«Нашыя вайскоўцы гатовыя неадкладна рэагаваць на любыя правакацыі з боку Паўночнай Карэі, якія пагражаюць бяспецы нашае краіны. Калі рэжым Кім Чэн Ына будзе і надалей праводзіць ядравыя ды ракетныя правакацыі, паўночнакарэйскі рэжым урэшце сам сябе знішчыць», – Чон Донг Чын з Міністэрства абароны Паўднёвай Карэі.
Уласна запуск ракеты КНДР адбыўся напярэдадні а 7:55 паводле мясцовага часу з ваеннай авіябазы ў заходняй правінцыі Паўночны Пхёнган. З 2006-га года Паўночнай Карэя правяла ўжо пяць ядравых выпрабаванняў і серыю ракетных пускаў: усе яны былі асуджаныя Радаю Бяспекі ААН, аднак афіцыйны Пхеньян гэтак і не спыніў сваёй ракетна-ядравай праграмы, спасылаючыся на пагрозу з боку ЗША і сваіх суседзяў.