«Парадак не толькі ў грамадстве, але ў самім сабе». Пра смяротнае пакаранне – маці забітай у Бабруйску і праваабаронца


На выязным паседжанні Магілёўскага абласнога суда ў Бабруйску асудзілі на смерць мясцовага жыхара Аляксандра Асіповіча. Паводле абвінавачання, 36-гадовы бабруйчанін з асабліваю жорсткасцю забіў дзвюх жанчын 20-га ліпеня 2018 года. Напярэдадні ўвечары мужчына піў з імі алкагольныя напоі, потым уся кампанія паехала да яго дадому, дзе раніцай ён нанёс жанчынам нажом і малатком агулам каля сотні ўдараў. Прысуд у студыі «Белсату» каментуе Ніна Клімава, маці адной з забітых дзяўчынаў, і праваабаронца Алесь Бяляцкі.

«Лічу, што смяротнае пакаранне адмяняць нельга. Яго можна адмяніць толькі тады, калі кожны чалавек будзе адчуваць законнасць і парадак не толькі ў грамадстве, але і ў самім сабе», – кажа Ніна Клімава.

На думку праваабаронцы Алеся Бяляцкага, пакаранне за пакаранне застаецца вялікім пытаннем.

«Больш гуманным і цывілізаваным нашае грамадства рабіла б пажыццёвае зняволенне», – кажа Алесь Бяляцкі.

«Нашыя суседзі даўно адмянілі смяротнае пакаранне або ўвялі мараторый на яго. У нас яно існуе, бо гэта асабісты палітычны капрыз Аляксандра Рыгоравіча, усё ўпіраецца ў ягонае рашэнне. Усе размовы пра чарговы рэферэндум не маюць сэнсу, бо могуць вырашацца на ўзроўні кіраўніка краіны або парламенту», – дадае Алесь Бяляцкі.