Памылка страуса


Гэты тыдзень мала чым адрозніваўся ад папярэдніх 26 гадоў. Прынцып «кругом усе ўрагі, а я адзін маладзец» застаецца галоўным прынцыпам кіравання Беларуссю.

Каранцін не ўводзіцца, не расце какос! Але дармовая праца мае быць як па раскладзе. А таму ўжо ў наступную суботу беларусаў чакае чарговы суботнік. Гэта, на хвіліначку, якраз будзе прагназаваны Міністэрствам аховы здароўя пік эпідэміі каронавіруса ў Беларусі.

А вось тут, канечне ж, варта даць слова не такім шыракапрофільным спецыялістам, якія разбіраюцца ўва ўсім – ад хакею да вірусаў, а сапраўдным прафесіяналам. То бок эканамістам. Леанід Заіка, эканаміст:

«Тут у Аляксандра Рыгоравіча памылка вялікая. Бо нават калі мы два месяцы не будзем працаваць, гэта ўсяго толькі… 8 % гадавога… 16 % падзення ВУП. А ў нас у доларавым эквіваленце ў 2015 годзе было 37 % стратаў ВУП. Гэта хтосьці заўважыў? Ніхто не заўважыў – нават улюбёны прэзідэнт не заўважыў».

Што яшчэ новага? Ужо ў гэты панядзелак – адразу пасля праваслаўнага Вялікадня – дзяцей, пра якіх дагэтуль паклапаціліся замест дзяржавы іхныя бацькі, забраўшы на хатні каранцін, зноўку змусяць пайсці ў школы. Каталіцкі Вялікдзень перажылі і да праваслаўнага таксама дажылі. І ўсё, дзякуючы… страусам.

Выданне «Financial Times» апублікавала матэрыял пад назваю «Страусавы альянс», у якім распавяла пра кіраўнікоў Бразіліі, Нікарагуа, Туркменістану і, вядома ж, Беларусі, якія адзінагалосна заявілі: каронавіруса няма! Ну і сапраўды, калі галаву ў пясок – ну альбо пад лёд – дзе ты той каронавірус пабачыш? Між тым, падобна на тое, над разбітаю аб розныя паверхні галавою нязменнага кіраўніка Беларусі згушчаюцца хмары. Інакш навошта Лукашэнка шукаў бы сабе пераемніка? А дакладней… пераемніцу.

Не-не, гаворка не пра вас. У Аляксандра Лукашэнкі ёсць больш надзейныя і спраўджаныя гадамі кадры.

Жыхары Менску пра тое, хто можа змяніць Лукашэнку на пасадзе прэзідэнта:

«Менавіта такі прэзідэнт і патрэбны! Вось гэтая ўсеагульная паніка, якая цяпер наконт каронавіруса па ўсім свеце, і толькі ў Беларусі здаровае стаўленне да гэтае праблемы».

«Трэба змяняць нешта. Адное і тое ж надакучала».

«Вось у мяне сябар добры, я б яго на пасаду прэзідэнта!»

«Пакуль што альтэрнатывы не бачу. Апазіцыя аніякая, кожны думае пра сябе».

«Ноў комэнт. А то мяне ў турму пасадзяць!»

Карацей, пытаннечкі застаюцца. Блогер Daroha:

«Дзе баба Ліда?!»

І сапраўды. Вы звярнулі ўвагу на тое, што старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі літаральна знікла з медыяпрасторы? Тут перавыбары Лукашэнкі на носе, а яе і днём з агнём не знойдзеш! Маўчыць! Можа, на каранціне? Самаізаляцыя? А калі і ізаляцыя, то ці добраахвотная? І наагул: чаму пра выбары апошнім часам Лукашэнка размаўляе не з Ярмошынай, а з… Качанавай?

Зрэшты, як мы ведаем яшчэ са школы, ад замены месцамі Ярмошынай і Качанавай вынік не змяняецца.

Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік:

«Мы ведаем, як ён сто разоў казаў, як наеўся ўладай. Але, здаецца, з ім адбываецца гэткае, як з чалавекам, які наеўся чагосьці смачнага – дранікаў: усё, здаецца, больш не буду ніколі есці тыя дранікі! Бац, на наступны дзень ужо зноў хочацца!.. Гэтак і яму. Ён крычыць, што нібыта наеўся ўлады, а на наступны дзень ізноў яе прагне і зноўку арганізоўвае свае перавыбары!»

Ну і напрыканцы – яшчэ адно пытаннечка. Блогер Daroha:

Ну а што, калі – ну, чыста тэарэтычна – варыянт з выбарамі не пракоціць? Ну а калі – чыста тэарэтычна – адбудзецца палацавы пераварот ці рэвалюцыя? Усім добрых выходных, беражыце сябе!

Заўсёды ваш блогер Daroha, «Субектыў»

Калаж з фота: belarus.by