Палітолаг: Лукашэнка мае ўстаноўку ад Крамля «не суйся на Захад»


На паседжанні Трэцяга камітэту Генеральнай Асамблеі ААН Беларусь у ліку 26 краінаў прагаласавала супраць абноўленага праекту рэзалюцыі сітуацыі з правамі чалавека ў аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопаль. Што гэта азначае? Чаму Беларусь, якая нібыта трымаецца нейтралітэту, робіць тое, што робіць? Паразмаўляем з палітолагам Паўлам Усавым:

«Гэта не першы раз, калі Беларусь не падтрымлівае рэзалюцыю ААН, і не толькі па сітуацыі ў Крыме, а таксама ў Сірыі, па іншых справах, Беларусь заўсёды стаіць на баку Расеі. Хутчэй варта задаць пытанне еўрапейскім палітыкам, у якую гульню яны гуляюць з Лукашэнкам, кажучы пра тое, што адбываецца нейкая адліга ў адносінах з Захадам. […] Калі трэба канкрэтныя рэальныя крокі, Лукашэнка або баіцца, або мае пэўную ўстаноўку з боку Крамля, якая гучыць: ну суйся на Захад, калі мова вядзецца пра сур’ёзныя крокі. […] Ніхто на Захадзе ў прынцыпе не разглядае магчымасці, няма нават жаданняў праводзіць нейкую агрэсіўную палітыку, калі мы кажам пра вайсковыя дзеянні ў дачыненні да Беларусі. Уся стратэгія Еўропы пабудаваная на абароннай палітыцы супраць Расеі. Увесь дыскурс і беларускіх медыяў, і дзяржаўных асобаў – ён антызаходні па сваёй сутнасці. Ён абсалютна прарасейскі, нягледзячы на тое, што мы маем ва Украіне…»