Краіна нашая вялікая, а таму, калі прыводзіш нейкія сярэднія лічбы, то гледачы з розных яе куткоў пачынаюць спрачацца. І дзіўна не гэта, а тое, што ўва ўсіх спрачальнікаў добрае нешта – меншае за сярэдняе, а нешта не вельмі прыемнае – большае.
Тутэйшы правадыр – Лукашэнка – надта перажывае, што ўсе сунуцца ў Менск і зрабілася ў тым горадзе цесна, людзі злыя. Дык гэта ён яшчэ ў аўтобусе бітком набітым не ездзіў і ў чарзе ў паліклініцы не стаяў.
Дык усё проста. У Першамайскім раёне Менску прыблізна ў паловы людзей заробак большы за 1000 рублёў на месяц. А ў Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці толькі прыблізна ў паловы людзей заробак большы за 500 рублёў на месяц.
Таму яны кажуць начальству: «Не вучыце кульгаць, самім ногі баляць», і, хто можа, – у сталіцу.
Хто застаецца? Каму гады, здароўе або складаны лёс уцячы перашкаджаюць. І тыя, хто і там някепска жыве, пры дзяржаўнай якой службе.
І каб адная такая Шаркаўшчына была, з 1996 да 2018 года ў 81-ым са 118-ці вясковых раёнаў насельніцтва скарацілася больш як на 20 %.
Добры гаспадар у даўнейшыя часы, калі яму праз злую бяду не было чым сабачку карміць, адвязваў яго з ланцужка. Камсамольцы, якія краінаю кіруюць, гэтым досведам скарыстацца не ўмеюць. Гавораць-гавораць адзін перад адным пра пераход да рынкавых адносінаў ужо трэць стагоддзя і някепска пачуваюцца.
А тым часам па раёнах колькасць прадпрымальнікаў скарачаецца дзе на 2 дзе на 3 % за год і ў раённыя бюджэты, пераважна датацыйныя, даюць яны не больш за 10–15 % паступленняў.
Ды і на чым там зарабляць: на пенсіянерах ды парабках з СХП асабліва не заробіш, самі бедныя, а хто больш заможны, той у абласны цэнтр або Менск падскочыць мае магчымасць. Такая канкурэнцыя.
Атрымліваецца, што дзеля захавання цэласнасці краіны Менск, Полацк, Салігорск, Мазыр і да пэўнага часу абласныя цэнтры абавязаныя астатніх падкормліваць.
У выніку датацыі ў разліку на чалавека дастаюцца большыя там, дзе справы гаспадарчыя ідуць не надта і адрознівацца, як бачыце, большыя ад меншых у 12 разоў.
Паводле артыкулу 6 сёлетняга Закону аб бюджэце наўпроставыя датацыі з бюджэту краіны ў кансалідаваныя бюджэты вобласцяў склалі агулам тры мільярды рублёў. А яны – малая частка таго, што перадаецца па ўсіх каналах.
Кажуць, бывае, што і цяля ваўка бадае. Можа, калі і ў вясковых раёнах людзі ўзбагацяцца. Але, думаю, адбудзецца тое не раней, чым атрымаюць там.
Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».
Міхал Залескі, belsat.eu