Прыгатаваць страусавае яйка для госці са святочным прозвішчам Пісанка (па-ўкраінску – велікоднае яйка). Такі чэлендж чакаў вядоўцаў шоу «Я не буду гэтага есці».
У праекце «Я не буду гэтага есці!» вядомыя людзі дзеляцца з намі сваймі кулінарнымі траўмамі: распавядаюць, да якой стравы не могуць дакрануцца і чаму. Задача нашых шэф-кухараў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага змяніць рэцэпт так, каб наш герой з’еў усё да апошняй лыжкі ды папрасіў яшчэ. Напрыканцы праграмы госць абірае пераможцу кулінарнай бітвы. І гэтым разам мы накіраваліся ў Кіеў скараць страўнікі ўкраінскіх зорак.
Руслана Пісанка – украінская акторка і вядоўца шэрагу папулярных тэлешоу. У тым ліку – «Службовага рамансу», у пары з тады яшчэ будучым прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Яна цудоўна гатуе і нават выдала кулінарную кнігу з рэцэптамі ўкраінскай кухні. У ёй яна, напрыклад, тлумачыла расейцам (кніга выйшла ў Маскве – рэд.) розніцу паміж варэнікамі з мясам і пельменямі.
Чаму ж раптам страусавае яйка? «Яно мяне напалохала сваім памерам. Калі я ўбачыла гэтую велізарную колькасць жаўтку… І бялку… Тата потым зрабіў яечню, такую двухкілаграмовую. І запрасіў мяне. Мне падалося, што яно нейкае такое штучнае. Нейкі ў мяне ступар унутраны», – растлумачыла госця студыі.
Каб прыгатаваць фрытату, Вользе Прыгаравай давялося свідраваць яйка дрылём. Аляксандр Чыкілеўскі вырашыў зрабіць біткі, таму яйка давялося варыць цягам 1,5 гадзіны!
Зварыць яйка (1,5 гадзіны). Цыбулю і часнык дробна пасекчы і абсмажыць (частка пойдзе ў фарш для біткоў, частка – да смажанага гарбузу). Яйка астудзіць, ачысціць і нацерці на тарцы. Дадаць смятану, муку, манныя крупы, дробна парэзаную зеляніну (частка зеляніны пакінуць для таго, каб змяшаць з гарбузом), абсмажаную цыбулю і часнык. Змяшаць. Сфармаваць невялікія біткі, абваляць у муцэ і абсмажыць да залацістага колеру. Давесці да гатовасці ў духоўцы.
Гарбуз ачысціць, нарэзаць кубікам і абсмажыць. Змяшаць з зелянінай, абсмажанай цыбуляй і часныком. З рукалы і памідораў прыгатаваць салатку, заправіць алеем. Падаць біткі з зялёнай салатай і гарбузом.
У шкарлупіне яйка прасвідраваць дрылём дзве супрацьлеглыя адтуліны, выдзьмуць змесціва ў міску, узбіць блендэрам да аднароднай кансістэнцыі. На разагрэтай патэльні абсмажваем гародніну на сметанковым масле, заліваем узбітым яйкам, пасыпаем цёртым сырам і ставім у духоўку на 10 хвілін пры тэмпературы 180 градусаў.
Паралельна рыхтуем чыпсы з бекону: на блясе з лістом пекарскай паперы выкладваем тонка парэзаны бекон і падсушваем да стану чыпсаў. Падаем фрытату з чыпсамі і мікразелянінай.
Чый варыянт перамог у кулінарнай бітве? Глядзіце у новым выданні кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці!» (відэа ў пачатку артыкула).
Шоу «Я не буду гэтага есці!» глядзіце штонядзелю а 19:35 паводле менскага часу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Astra 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў архіве на нашай старонцы.
Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на Facebook, у «Одноклассниках» і ў Instagram.
ІА, belsat.eu