Фільм года, праграма года, рэпартаж года, асоба года – «Белсат» адзначыў сваіх аўтараў узнагародамі за найлепшыя матэрыялы ў 2023-м. А таксама вылучыў відэа ў сацыяльных сетках каналу, якія прыцягнулі ўвагу найбольшай колькасці карыстальнікаў.
Фільм года – серыял «Працэсы»
«Працэсы» – першы мастацкі серыял нашай вытворчасці. Абсурдысцкая трагікамедыя аб працэсах у Беларусі і па-за ёй. Аўтары – Андрэй Кашперскі і Міхась Зуй.
Серыял высока ацанілі і гледачы, і кінаадмыслоўцы. Толькі першая серыя ўжо атрымала спецпрыз фестывалю «Паўночнае ззянне» і другое месца на кінафестывалі «Fantastic Fest 2023».
Сачыце за навінамі, каб не прапусціць новых серыяў!
Праграма года – «Вусы Скарыны»
У праграме «Вусы Скарыны» гісторык Цімох Акудовіч і ягоныя чароўныя коцікі разважаюць пра нечаканыя павароты беларускае гісторыі ды спрабуюць зразумець, хто там герой, а хто ліхадзей.
Рэпарцёрскі матэрыял года – аўтарства Святланы Барысавай
Святлана Барысава стварыла цыкл рэпартажаў з Расеі: «Сцяна смутку», «Вяселле ў няволі» і «Расейскія мастакі супраць вайны». З адвагай і прафесіяналізмам аўтарка апавяла гісторыі расейцаў, якія выступілі супраць вайны з Украінаю ды парушэння правоў чалавека ў Расеі.
Тэлевізійная асоба года – Віктар Шукеловіч
Усе здзяйсненні Віктара Шукеловіча цяжка пералічыць у адной кароткай нататцы. Таму напішам, што ў вышэйзгаданай праграме года «Вусы Скарыны» ён галоўны актор другога плану, а ў вышэйзгаданым фільме года «Працэсы» – адказны рэдактар.
А яшчэ Віктар натхняў беларусаў загаварыць на роднай мове ў праграме «Мова нанова».
Белсатавец года – Юрый Салодкі
Юрый Салодкі – шэф-рэдактар міжнароднай праграмы «Вось так». Юрый выбудаваў моцную і матываваную каманду журналістаў з Расеі, Беларусі, Украіны ды іншых краінаў рэгіёну.
Інфармацыйны матэрыял года па-беларуску – аўтарства Юліі Цяльпук
Юлія Цяльпук правяла рэзананснае расследаванне, якое датычыла блогера Максіма Кузняцова, вядомага як Злы Дальнабой. «Белсат» даведаўся, калі, як і праз каго Кузняцоў спрабаваў выдаліць непажаданыя моманты сваёй біяграфіі, а менавіта – супрацу з лукашэнкаўскімі сілавікамі ў мінулым.
Інтэрнэт-матэрыял года па-беларуску – праект «Падслуханае»
Праект «Падслуханае» – пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Размовы, якія вядуць беларусы ў чэргах, цягніках, аўтобусах. Што займае думкі беларусаў у Беларусі? Збіраюць і агучваюць Саша Гоман і Аліса Ганчар.
Інфармацыйны матэрыял года па-расейску – аўтарства Вячаслава Лакамкіна
Вячаслаў Лакамкін стварыў цыкл матэрыялаў з фронту ва Украіне. Дзякуючы яму нашыя гледачы атрымліваюць самую аператыўную інфармацыю з перадавой.
Інтэрнэт-матэрыял года па-расейску – аўтарства Яўгеніі Хацкевіч
Яўгенія Хацкевіч атрымала ўзнагароду за рэпартаж «Тут каля мора быў горад». У ім апісваецца, чым жыве ўкраінскі Марыупаль пасля таго, як яго здабылі расейскія войскі ўвесну 2022 года. Гэты матэрыял уваходзіць у цыкл рэпартажаў з Расеі ды акупаваных ёю тэрыторыяў.
Інтэрнэт-матэрыял года па-польску – аўтарства Пятра Пагажэльскага і Барыса Судзьіна
Пётр Пагажэльскі і Барыс Судзьін патлумачылі польскамоўнай аўдыторыі, што кіруе Лукашэнкам і Пуціным: навошта яны ваююць з помнікамі польскім дзеячам, у якіх палітычных забойствах падазраецца рэжым у Беларусі і навошта Расеі Крым.
Выбар карыстальнікаў сацсеткак па-беларуску
594 тысячы праглядаў сабрала відэа, дзе бацькі і блізкія дзеляцца ўспамінамі пра музыкаў Крысціну Спіцыну і Святлану Сямейкіну, загінулых падчас расейскага абстрэлу ў Запарожжы:
1,3 мільёна праглядаў сабрала відэа пра пагаршэнне стану здароўя Лукашэнкі:
Выбар карыстальнікаў сацсеткак па-расейску
1,3 мільёна праглядаў сабраў сюжэт пра акцыю «Несмяротны полк» у Нямеччыне.
3,4 мільёна праглядаў сабрала відэа пра тэрытарыяльныя спрэчкі паміж Канадай і Даніяй, якія атрымалі назву «вайна віскі».
Выбар карыстальнікаў сацсеткак па-польску
970 тысяч праглядаў сабралі развагі Пуціна на тэму «Заходнія землі Польшчы – гэта падарунак ад Сталіна».
Выбар карыстальнікаў сацсеткак па-ўкраінску
1,5 мільёна праглядаў сабрала рэакцыя расейцаў на зварот Зяленскага, які прагучаў з тысяч дынамікаў у грамадскіх месцах па ўсёй Расеі.
Выбар гледачоў YouTube-Shorts
41 мільён праглядаў! Такія ўражальныя вынікі мае YouTube-Shorts, дзе ўкраінскі жаўнер прыязджае дадому на выпускны дачкі. Shorts – кароткія вертыкальныя відэа ў YouTube.
Выбар YouTube-карыстальнікаў па-расейску – «Увесь свет узрушылі землятрусы: што адбываецца?»
4 мільёны праглядаў сабраў на YouTube матэрыял Надзеі Бельскай пра землятрус у Турцыі і Сірыі!
Выбар YouTube-карыстальнікаў па-беларуску – «Пазняк: Ціханоўская будзе сядзець у турме, можаце не сумнявацца»
342 тысячы праглядаў. Гэткі вынік мае выданне праграмы «Meet» з Зянонам Пазняком. Там ён шчыра адказаў на складаныя пытанні пра мінулае ды сучаснасць і зрабіў прагноз на будучыню.
У праграме «Meet» мы спрабуем зразумець, што адбываецца сёння глабальна: праз прызму канкрэтнай асобы, праз паводзіны і жыццё канкрэтных людзей.
Выбар YouTube-карыстальнікаў па-польску – «Спаленыя карані»
520 тысячаў – столькі праглядаў сабраў рэпартаж Яна Блюза «Спаленыя карані» («Spalone korzenie»). Пра расейцаў, якія далучыліся да ЗСУ, каб бараніць Украіну ад расейскай агрэсіі.
Выбар YouTube-карыстальнікаў па-англійску – «Латышскі палітык адпраўляе расейскую дэлегацыю за караблём» («Russians Were Asked to F*ck off at the OSCE Assembly. A Strong Speech by a Latvian Politician»)
131 тысячу праглядаў сабрала прамова латышскага палітыка Рыхардса Колса на нашым англамоўным канале «Belsat English». Словы прагучалі на паседжанні Рады АБСЕ.
Адмысловая ўзнагарода дырэктара тэлеканалу «Белсат ТВ» – Мілашу Дабжыньскаму
Вынікі працы Мілаша Дабжыньскага бачаць усе, але сам ён часта застаецца ў ценю. Дзякуючы Мілашу адбыліся ўсе шматлікія імпрэзы «Белсату», а таксама захады, зрэалізаваныя нашым каналам у супрацы з іншымі арганізацыямі.
«Белсат» – больш за тэлебачанне
Разнастайнасць намінацыяў паказвае, што за 16 гадоў існавання «Белсат» выйшаў за межы тэлеканалу. Мы робім матэрыялы, каб кожны карыстальнік мог абраць найбольш выгадны для яго фармат і даведацца незалежную інфармацыю на зручнай для сябе мове. Дзеля гэтага нашыя журналісты працуюць у самых гарачых пунктах, рызыкуючы свабодаю ці нават жыццём.