Навошта рэвалюцыі? Беларусь змяняюць блогеры


Улады хочуць гэта схаваць, а яны выцягваюць на паверхню. Відэаролікі блогераў глядзяць тысячы беларусаў. Ці змогуць яны змяніць Беларусь? Разбіраемся ў новым выпуску «Людскіх справаў».

Дзяніс Марук – стваральнік гарадскога парталу «Рэальны Брэст» з разнастайным кантэнтам, рэкламаю, мноствам чытачоў. «Рэальны Брэст» – паспяховы камерцыйны праект, афіцыйна зарэгістраваная пляцоўка. Як кіраўнік парталу Дзяніс ладзіць праекты ў тым ліку з гарадскімі ўладамі.

Год таму на хвалі антыдармаедскіх пратэстаў Дзяніс стаў яшчэ і актыўным YouTube-блогерам. На свой канал ён выкладае відэа пра свае «войны з міліцыяй». Войны пачаліся з таго, што на адной з антыдармаедскіх акцыяў Дзяніс паказаў «аператару» у цывільным сярэдні палец – кажа, хацеў «праверыць тэорыю падвойных стандартаў» у рэакцыях на дзеянні простых грамадзянаў і на такія ж дзеянні міліцыі.

З гэтага пачаўся ціск на яго, а калі ён прыйшоў у РАУС, яго адразу павялі ў ІЧС – працэс ён здымаў, а картку памяці потым паклаў у рот, каб зберагчы здымкі. Міліцыянты патрабавалі аддаць картку разам з астатнімі рэчамі, Дзяніс адмаўляўся.

«Тады яны кінулі мяне на падлогу, пачалі біць, спрабавалі лыжкай разамкнуць мне зубы», – распавядае Дзяніс.

Дзянісу прысудзілі штраф за дробнае хуліганства, ён зняў пабоі і напісаў заяву ў Следчы камітэт і пракуратуру. Справа дагэтуль качуе між ведамствамі без выніку, а на Дзяніса спрабуюць ціснуць адміністратыўнымі і крымінальнымі справамі з розных нагодаў. Ён жа здымае парушэнні міліцыянтаў і выкладае ў YouTube. Дзяніс хвалюецца за сям’ю, а таксама за справу жыцця – партал «Рэальны Брэст», якія чыноўнікі могуць лёгка зачыніць.

Другі герой праграмы, Сяргей Пятрухін, не першы год вядомы як блогер, але апошнім часам на сваім канале ён сканцэнтраваўся на адной тэме: будаўніцтве акумулятарнага заводу «АйПауэр» ля Берасця. І хаця раней Сяргей рабіў сюжэты на вострыя тэмы кшталту збіцця грамадзянаў міліцыянтамі, ціск ён адчуў, калі пачаў працаваць над тэмай заводу.

Штрафы, суды, содні – сёння для Сяргея гэта штодзённасць. Але ён спадзяецца на публічнасць і падтрыманне падпісчыкаў. Паводле яго, грамадскія абмеркаванні будаўніцтва (якое, дарэчы, ужо ідзе) пачаліся толькі дзякуючы блогерам.

«Мы вельмі спадзяемся на перамены, якія дзякуючы таму, што мы распавядаем, адбудуцца ў нашым грамадстве», – падсумоўвае Сяргей Пятрухін.

Глядзіце праграму «Людскія справы» цалкам:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» , а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram. Самае цікавае чытайце ў канале Telegram.