Аляксей Дзікавіцкі, намеснік дырэктара «Белсату», ацэньвае эвалюцыю каналу цягам апошняй дэкады і распавядае пра планы каналу на будучыню.
Дзень нараджэння «Белсату» – 10 снежня, але першы выпуск «Аб’ектыву» з’явіўся 28 лістапада – у выглядзе гэтак званага сухога эфіру (калі пэўны час новы канал працуе на поўных абаротах, але гледачы не бачыць гэтага ў эфіры).
«Людзі, якія стваралі «Белсат» былі з газет і радыё, але не з тэлебачання, таму было цяжка: як рабіць тэлебачанне – мы вучыліся практычна год, – адзначае Дзікавіцкі. – За апошнія дзесяць гадоў паўстала і развілася тая частка «Белсату», якую можна назваць інфармацыйным тэлебачаннем у жывым эфіры».
Намеснік кіраўніка каналу распавядае пра даследаванне аўдыторыі, якое было зробленае сёлета, і кажа, што гледачы хочуць глядзець больш гістарычных праграмаў.
«Налета ў нас з’явіцца новы фармат гістарычнай праграмы – такога не было нідзе», – абяцае Дзікавіцкі.
Алякскей Дзікавіцкі кажа, што канал працягне працаваць над якасцю і збіраецца ісці ў бок інтэрактыўнага тэлебачання – дзякуючы, між іншага, тэхнічнаму прагрэсу.
«Каб працаваць на месцы падзеяў, ужо не патрэбна шмат цяжкой тэхнікі, мы можам быць у любой кропцы без вялікіх лагістычных высілкаў, – дадае госць студыі. – Тэлебачанне павіннае стварацца не толькі ў студыі: трэба выходзіць і паказваць – што і як».