«Мы гатовыя да інтэграцыі». А вы?


За тры дні не абмяркоўвалі ані падатковага манеўру, ані пытанняў суверэнітэту. «Мы нават слова не прамовілі за гэтыя тры дні», – пахваліўся Лукашэнка па выніках сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Сочы. Навошта тады ездзіў? Папіць гарбату ў кампаніі прэзідэнтаў Турцыі ды Ірану? Пакатацца на лыжах з сынам Колем? Гэтыя пытанні адрасуем доктару палітычных навук Паўлу Усаву.

Павел Усаў, палітолаг:

«Чакаць, што Лукашэнка скажа праўду адносна перамоваў з Пуціным нельга. Варта прыгадаць, што за ўсе гэтыя сустрэчы, каторыя адбыліся паміж Лукашэнкам і Пуціным, мы да сёння да канца не ведаем, пра што размаўлялі кіраўнікі. На адным з апошніх паседжанняў Лукашэнка ўзгадваў пра неабходнасць узмацніць суверэнітэт. Напярэдадні візіту ў Сочы ён падпісаў загад аб стварэнні Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў, які меў бы займацца праблемамі інфармацыйнай бяспекі. То бок ясна, што сутнасць гэтых перамоваў будзе датычыць паглыблення інтэграцыі. А ключавымі пытаннямі будуць хутчэй за ўсё пытанне валюты і часовых межаў, калі інтэграцыя, на думку Крамля, павінна закончыцца. […]

Складаецца ўражанне, што Лукашэнка зацягвае час перамоваў і хоча папісацца ў расейскіх медыях, якія як раз і апісваюць ягоны візіт вельмі актыўна. […] Масква не адыдзе ад сваіх намераў і сваіх патрабаванняў. Той факт, што пытанні падатковага менеўру, як кажа Лукашэнка, не былі кранутыя, як і пытанні іншых аспектаў, сведчыць толькі пра тое, што Масква ўжо сказала сваё слова і напэўна паставіла ўльтыматум. А значыць, абмяркоўваць няма чаго…»

Працяг размовы – у сюжэце.

Лукашэнка і Пуцін увесь час гавораць пра патрэбу паглыблення інтэграцыі. Куды найглыбей можна даінтэгравацца? Дзе яно, дно інтэграцыі? Жыхары Менску распавядаюць.

belsat.eu

Фота: Sergei Fadeichev, TASS / Mikhail Metzel, TASS / REUTERS, Stoyan Nenov / Forum