Міжгародні аўтобус павязе мыцца ў горад атамнікаў


Міжгародні маршрут, каб… памыцца ў лазні

У пасёлку Гудагай, што на Гарадзеншчыне, размешчаны чыгуначны памежны пункт пропуску, пралягае аўтамабільны транзітны шлях да мяжы з Літвою, а жыхароў больш за тысячу. Але пры гэтым няма грамадскае лазні. Старую пазалетась зачынілі на рамонт, але грошай для яго гэтак і не знайшлі. Дзеля таго, каб памыцца, пасялковае кіраўніцтва прапануе мясцовым наведваць «горад атамнікаў» Астравец і нават абяцае запусціць бясплатны аўтобусны маршрут. Але людзі нязгодныя з гэткаю прапановаю і патрабуюць аднавіць лазню або пабудаваць новую.

У Баранавічах змагаюцца з пратэрмінаванымі прадуктамі

У Баранавічах грамадскія актывісты змагаюцца з наяўнасцю на паліцах крамаў пратэрмінаваных прадуктаў. Карэспандэнты «Маю права» накіраваліся ў Баранавічы, каб разам з імі зрабіць кантрольныя закупы. У прысутнасці нашае здымачнае групы пільныя пакупнікі выявілі ў краме няякасны тавар і, каб зафіксаваць парушэнне, занеслі прадукты ў санэпідэмстанцыю.

Апытанне: пратэрмінаваныя харчы з Менску – выпадак ці заканамернасць?

Паводле Мінгандлю, летась сваю працу прыпынілі амаль шэсцьсот аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання. Адно з асноўных парушэнняў – рэалізацыя тавараў з пратэрмінаванаю прыдатнасцю. Менчукі падзяліліся сваймі думкамі наконт таго, ці яны лічаць гэткія парушэнні выпадковымі або ўсё ж заканамернымі.

У Магілёве жыхары кватэраў прачнуліся ў інтэрнатах

У Магілёве паўсотні гараджанаў не адно дзесяцігоддзе думалі, што яны жывуць у кватэрах, але, як цяпер сцвярджаюць у «Будтрэсце», увесь гэты час людзі жылі ў інтэрнатах, што належаць арганізацыі. Пры гэтым людзі маюць на руках ордэры менавіта на атрыманне кватэраў. Да таго ж жыхары спрэчных дамоў могуць апынуцца на вуліцы, бо чыноўнікі намагаюцца надаць будынкам статус аварыйных.

Камунальнікі сапсавалі калодзеж 91-гадовай жыхаркі Слуцка

91-гадовая бабуля ў Слуцку ўжо больш за 10 гадоў жыве побач з глыбокаю канаваю. Калісьці камунальнікі не паклалі каля яе хаты трубы для падземнага адвядзення дажджавых і каналізацыйных водаў. Пенсіянерка скардзіцца не толькі на тое, што сцёкавыя воды бягуць ля яе хаты; перадусім яе бянтэжыць, што праз гэта яна не можа карыстацца сваім калодзежам і браць адтуль пітную ваду.