Ад родных ніў, ад роднай хаты… паляцеў Лукашэнка за край свету. Туды, дзе сонца, пальмы і мора.
Жыхары Магілёва:
«Пакупацца ў моры за нас усіх. Гэта дакладна!»
«Ён звычайна едзе з Колем адпачываць».
«Ён не каб адпачыць едзе. Ясная справа».
Ясная справа. Кіраўнік краіны паехаў у Егіпет беларускія трактары на выставе аглядаць. Паказалі кіраўніку Беларусі і нешта сапраўды грандыёзнае – новую сталіцу Егіпту. Ад пачатку яе будоўлі мінула ўсяго 5 гадоў, а ўжо ёсць на што паглядзець. А яшчэ і не тое будзе!
Велізарны комплекс урадавых установаў, парламенцкі і прэзідэнцкі палацы, дыпламатычны квартал, міжнародны аэрапорт, сонечныя электрастанцыі, гатэлі-хмарачосы ды найбуйнейшы ў свеце парк забаваў… У распаленыя планы егіпцянаў Лукашэнка падкінуў лёду, адзначыўшы, што надзвычай важнай у іхным клімаце рэчы яны не зрабілі – лядовага палацу не пабудавалі.
Аляксандр Лукашэнка: «Там можна было заліць лёд, паставіць барты, калі не трэба, размарозіць і зняць барты».
Пытанне ў тым, калі і каму ён патрэбны?
Аляксандр Лукашэнка: «Егіпет месціцца ў такой зоне, што хакей на лёдзе можна развіваць».
Можна найлепшую ў свеце, непераможную хакейную каманду кіраўніка Беларусі запрашаць…
«…Я вам гарантую і мой сціплы ўдзел».
І тут Лукашэнку панесла… Што там лядовыя палацы, калі мы цяпер адмыслоўцы ў прыручэнні мірнага атама: кіраўнік Беларусі прапанаваў пабудаваць у Егіпце адразу чатыры блокі атамнай станцыі.
Аляксандр Лукашэнка: «Мы калісьці ў Эміратах стваралі першую пляцоўку».
Паслухаў прэзідэнт Егіпту і захацеў асабіста пераканацца, што Лукашэнка сядзе ў самалёт на Беларусь.
– Дзякую!
– Окей!
Абдэльфатах ас-Сісі красамоўна паказаў Лукашэнку, куды яму ісці. Але ў Лукашэнкі свая мова жэстаў. Дарэчы, у Дзень роднай мовы, які адзначаецца сёння, мы прыслухаліся да мовы кіраўніка Беларусі і зразумелі, што з Беларуссю то ў яго і праблема.
«Вы познакомитесь с Беларуси»
«Дружеские отношения между Белоруссией»
І моўныя цяжкасці, і фізічныя. Хацелі паказаць жвавенькага спартовага прэзідэнта, а атрымаўся пенсіянер на лыжах. Хацелі паказаць стралка – стрэлы паказалі, а мішэнь чамусьці не. Не той стралок, хто добра страляе, а той, хто ў цэль трапляе.
Калаж з фота: KIM HONG-JI / Reuters / Forum