Лукашэнка: Грэчкі хопіць на паўгода


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Дапаможам дактарам разам! Грамадскія актывісты, платформа molamola.by і фонд «Імёны» працягваюць збор сродкаў на рэспіратары для медыкаў.

Гэтак, сёння сябры Партыі БНФ разам з іншымі грамадскімі актывістамі адвезлі 1,5 тысячы масак у 3 гарадзенскія шпіталі. Агулам акцыя ўжо закранула каля дзясятка гарадоў: сярод іх Менск, Віцебск, Гомель, Ліда, Хоцімск, Наваполацк ды іншыя. Агулам актывісты паставілі ў больніцы 20 тысяч рэспіратараў. Зараз валанцёры дамаўляюцца пра закуп камбінезонаў і медычных халатаў, якія таксама развязуць па айчынных клініках.

Літва: забарона на ўезд аўтаў з Беларусі

Не дазваляецца ўезд ні праз адзін кантрольны пункт. З сёння ў Літву не можна будзе ўехаць на легкавых аўтамабілях з Беларусі ды Расеі. Урадавая забарона не датычыць грузавога транспарту, а таксама не распаўсюджваецца на пасажыраў, што едуць легкавым транспартам з Польшчы і Латвіі.

Satio: 62 % беларусаў чакаюць пагаршэння праз COVID-19

Больш за палову беларусаў – 62 % – лічаць, што сітуацыя ў краіне ў сувязі з каронавірусам пагоршыцца. Пра гэта піша сайт беларускіх даследаванняў thinktanks.by, спасылаючыся на апытанне кампаніі Satio, якое правялі сярод тысячы беларусаў.

Згодна з даследаваннем, толькі кожны дзясяты апытаны – адзінаццаць адсоткаў – лічыць, што сітуацыя не зменіцца, ды амаль кожны пяты – 17 % – што яна палепшыцца.

Грэчкі мусіць быць больш!

Грэчкі мусіць хапіць кожнаму беларусу: падчас працоўнай паездкі ў Смалявіцкі раён Лукашэнка загадаў нарасціць вытворчасць крупы пад патрэбы краіны.

Раней Беларусь закрывала патрэбу ў грэцкай крупе напалову – яшчэ палову імпартавала з Расеі. Тыдзень таму кіраўнік краіны паведаміў, што запасаў грэчкі ў краіне хопіць на паўгода, а калі яна скончыцца, можна будзе есці проса і бульбу.

Касцёл заклікае застацца ўдома

Не пускаць у касцёлы старых людзей, дзяцей і моладзь. Прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Юры Санько на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» заклікаў вернікаў застацца ўдома, каб зберагчы сваё здароўе і здароўе святароў.

У гэтую нядзелю каталікі ды пратэстанты адзначаюць Вербніцу, а яшчэ праз тыдзень, 12 красавіка, Вялікдзень. Калі ўсё ж вы захочаце ўзяць удзел у літургіі ў касцёле, абавязкова захоўвайце дыстанцыю, просіць Юры Санько.

belsat.eu