Колькі плацяць беларусы за міліцэйскі гвалт?



Падчас сёлетніх пратэстаў беларусы сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным гвалтам сілавікоў. Такога нашыя людзі не бачылі з часоў Другой сусветнай вайны. Толькі гэтым разам беларусаў забівалі, калечылі і гвалтавалі тыя, каму са сваіх кішэняў заробкі плацяць іхныя ж ахвяры.

«Яны дасталі дубінку, дасталі прэзерватыў (я вельмі здзівіўся, што ў іх ёсць прэзерватыў), надзелі на дубінку і пачалі здзіраць з мяне штаны. Садралі штаны разам з рэменем і пачалі…» – распавядае Аляксандр Чэравач, пацярпелы ад міліцэйскага гвалту.

Аляксандру пашчасціла прыпыніць гвалт і хутка трапіць у шпіталь. Тым часам прыблізна 7 тыс. мірных беларусаў былі затрыманыя. Людзей збівалі тысячамі, сотні згвалтаваныя. Дзясяткі дасюль лічацца зніклымі, ёсць загінулыя.

«Я безумоўна ўпэўнены, што галоўны ўказ аддаваў прэзідэнт, таму што без яго рашэння ўсё гэта немагчыма фактычна. На такую жорсткасць яны маглі пайсці толькі з яго дазволу», – мяркуе палітолаг Яўген Канстанцінаў.

Агулам у Следчы камітэт пацярпелыя падалі каля тысячы заяваў на дзеянні міліцыянтаў. Ніводная належным чынам разгледжаная не была.

Hавiны
Парвалі бялізну, палохалі згвалтаваннем, а следчы пытаў пра выбары. Мянчанка – пра падзеі апошняга месяца
2020.09.07 13:14

Як кажуць праваабаронцы, ад удзельнікаў пратэстаў, у тым ліку ад збітых і згвалтаваных, дзяржава разлічвае атрымаць штрафаў больш за 1 млн рублёў. Выставілі затрыманым і рахункі з Акрэсціна. Содні арышту – 13 рублёў 50 капеек. Варта ведаць, што ёсць акалічнасці, якія вызваляюць ад аплаты.

«Калі грамадзянін знаходзіцца на Акрэсціна да суда, ён не мусіць ім плаціць нічога. Калі не было суда. Калі грамадзянін абвяшчае галадоўку, ён таксама не павінен плаціць. Але там яны гэтак збіраюць сабе на зарплату і прэміяльныя, бо бюджэт пусты», – зазначае праваабаронца Наталля Гарачка.

Колькі ж каштавалі беларускаму народу ўтрыманне гвардыі Аляксандра Лукашэнкі і дні гвалту? У 2020 годзе, згодна з Законам аб дзяржаўным бюджэце, на ўтрыманне службы аховы кіраўніка краіны было выдаткавана больш за 13 млн долараў, калі дакладней, беларусы плацяць за яе 36 685 долараў штодзень.

Згодна з Белстатам, заробак сілавікоў сярэдняга звяна складае 1,5–2 тыс. рублёў. Адмыслоўцы называюць лічбу да 4 тыс. байцоў, якія выступаюць супраць мірных пратэстоўцаў. За жнівень яны сумарна атрымаюць з бюджэту каля 2,5 млн долараў. Дарэчы, ужо праз тры дні пасля шэрагу гвалтоўных затрыманняў, 13 жніўня, Лукашэнка ўзнагародзіў больш як 300 работнікаў МУС. Сярод іх АМАП, унутраныя войскі, кіроўцы аўтазакаў. Апошнія атрымалі медалі «За бездакорную службу».

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Вучыць дзяцей, абмінаючы фальсіфікатараў, ці магчыма такое ў Беларусі?
  • Чаму беларусы здаюць валюты менш, чым купляюць?
  • Як Лукашэнка купляе сабе «падтрымку»
Асабісты капітал
Што маюць сыны Лукашэнкі дзякуючы бацьку?
2020.03.16 19:05