Хто і навошта хоча знішчыць БНФ?


Апошнім часам прарасейскія арганізацыі ў Беларусі даюць усё больш нагодаў, каб пра іх узгадалі. Гэтак, адразу некалькі з іх звярнуліся ў генпракуратуру з просьбай ліквідаваць партыю БНФ. Чаму пракрамлёўскія арганізацыі гэтак спахапіліся і апалчыліся супраць беларускае партыі? Жыхары Менску даюць свае адказы.

Зварот у Генеральную пракуратуру Беларусі прарасейскіх арганізацыяў з просьбаю зліквідаваць БНФ у партыі назвалі атакаю зомбі. Нагодаю для звароту паслужыла заява Сойму БНФ «Беларуская мова – найважнейшы фактар нацыянальнай бяспекі для незалежнай беларускай дзяржавы». Хто і навошта хоча знішчыць адную з найстарэйшых партыяў Беларусі паразмаўляем са старшынём арганізацыі Рыгорам Кастусёвым:

«Такія спробы былі і ў 2010, і ў 2016 годзе, і раней, і пазней. А зараз іх актывізацыя ўпісваецца ў крамлёўскі план па ліквідацыі партыі БНФ, таму што партыя БНФ – гэта галоўны абаронца нашай незалежнай Беларусі і інтарэсаў беларускага народу. Гэтыя пагрозы рэальныя. Мы ўсе ведаем, што Пуціну неабходны чарговы поспех. Першым поспехам быў Крым. Зараз пасля не зусім удалых рэформаў у Крыме яму трэба шукаць іншы поспех. А такі поспех па крамлёўскаму сцэнару – далучэнне Беларусі да РФ. Рознымі варыянтамі: Або шасцю вобласцямі, або Паўночна-Заходнім краем, але гэты поспех Пуціна неабходны да наступнай выбарчай кампаніі. І яшчэ ёсць эканамічны чыннік: зацікаўленасць расейскіх алігархаў у дзялёжцы беларускага пірага…»

belsat.eu