Хлопец судзіцца з заводам аўтамабіляў «Geely». На коне $ 16 000


Тры гады таму жыхару Барысава Усеваладу Трусаву прапанавалі ўладкавацца на завод «БелДжы», але з адною ўмоваю.

«Казалі, што трэба адвучыцца паўгода ў Кітаі, атрымаць кваліфікацыю і пасля гэтага працаваць. Абяцалі добры заробак, бо гэта будзе перадавая вытворчасць. І я вырашыў: трэба ехаць», – узгадвае Усевалад.

Па вяртанні Усевалад два гады кіраваў зборкаю аўтаў на прадпрыемстве. Але пасля ўвядзення нелімітаванага працоўнага часу выступіў на баку сваіх падначаленых. З гэтага і пачаліся праблемы.

«На маім прыкладзе, напэўна, вырашылі прадэманстраваць усяму заводу, што не трэба выказваць асабістага меркавання, трэба рабіць так, як хоча кіраўніцтва», – мяркуе маладзён.

Усевалада звольнілі паводле артыкулу «Сістэматычнае невыкананне службовых абавязкаў». І запатрабавалі вярнуць выдаткі на навучанне ў Кітаі – больш за 32 тысячы рублёў.

«Для сябе ніякіх новых ведаў я не атрымаў. Нас намагаліся навучыць нейкай эканоміцы, але там былі абсалютна няправільныя тэрміны. У слайдах было напісана, што той жа сабекошт можна змяншаць бясконца. Гэта немагчыма», – распавядае Усевалад Трусаў.

Цяпер маладзён вучыцца ў адной з менскіх ВНУ, атрымлівае званне магістра на спецыяльнасці «інавацыйны менеджмент». Але кітайскія носьбіты вырашыў не выдаляць з кампютара і пакінуць у якасці напаміну.

«Такое адчуванне, што тлумачылі праз гугл-перакладчык. І кітаец намагаўся нам гэта ўсё растлумачыць. У выніку атрымлівалася нейкая блытаніна. Хочаш – дадумвай, хочаш – сядзі і рабі выгляд, што ўсё разумееш, – прыгадвае сваё навучанне ў Кітаі Усевалад. – Каб трапіць прынамсі на канвеер, нам спатрэбіўся месяц перамоваў. Калі мы прыйшлі ў цэх, нам казалі: або сядзіце і займайцеся сваймі справамі, або хадзіце побач з канвеерам, але нічога не чапайце, на канвеер не заходзьце!»

Падчас навучання будучыя майстры «БелДжы» атрымлівалі стыпендыю – 15 долараў на дзень. Мы звярнуліся ў прыёмную заводу, каб высветліць, якім жа чынам за паўгода набегла амаль 16 тысяч долараў.

«Вам гэтай інфармацыі ніхто не дасць! Гэтая інфармацыя асабліва канфідэнцыйная паміж працаўніком і заводам!», – адказалі прадстаўнікі «БелДжы».

Усевалад Трусаў намагаўся ў судзе даведацца, як фармавалася сума выдаткаў на адукацыю:

«Як казаў галоўны бухгалтар, паводле кантракту было выдаткавана 4 600 000 долараў. І яны папросту гэтую суму падзялілі на колькасць чалавека-дзён», – кажа Усевалад.

Суд падтрымаў завод, не зважаючы на тое, што большасць студэнтаў навучалася ў Беларусі, ды і праграмы групаў моцна адрозніваліся.

Сяргей Антусевіч з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, каментуючы гэтую сітуацыю, зазначыў, што не плаціць грошай за навучанне не атрымаецца. Такія ўмовы падпісанае дамовы. Але пазмагацца магчыма…

«Нідзе не напісана, што гэта за навучанне, якім чынам яно адбывалася, колькі яно каштуе і ўсё астатняе, – то бок дамова ў прынцыпе такая тыповая, крыху пустая… Там нічога не патлумачана. Вось за гэта можна пазмагацца і варта пазмагацца», – лічыць Сяргей Антусевіч.

Калі кіраўніцтва «БелДжы» не зможа патлумачыць, як фармавалася сума, то Усеваладу Трусаву варта звяртацца ў пракуратуру ды іншыя органы кантролю.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Хатняя гаспадыня з Гомля дамаглася выключэння са спісу дармаедаў
  • Жодзінцы – пра памер сваіх заробкаў
  • Вяскоўцы з Тадуліна стаміліся ад абяцанняў чыноўнікаў
  • На Случчыне жыхары просяць перанесці аўтобусны прыпынак

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.