«Гэты памёр, тую выкінулі з 9-га паверха», – беларусы пра жыццё ў камуналцы


На пачатку XXI стагоддзя ў Беларусі ў камуналках жыло больш за 15 з паловаю тысячаў сем’яў. Колькі іх цяпер – невядома. Афіцыйнага ўліку камунальных кватэраў цяпер не вядуць. А людзі, якія загразлі ў мінулым, чакаюць, што на іх звернуць увагу да таго, як абваляцца сцены іхных дамоў.

«Сем’і пасыходзілі, засралі хату», – распавядае Аркадзь Самсончык, які жыве ў камунальнай кватэры.

Спадару Аркадзю – 78 гадоў, 17 з іх ён жыве ў камунальнай кватэры. Разам з грамадзянскаю жонкай і ейнаю маці. Апошняя некалі і атрымала пакой у менскай камуналцы. Дом пабудавалі яшчэ ў 50-ыя. Спачатку там было шумна і весела, у кватэры жыло 5 сем’яў. Праўда, жыхары ўвесь час мяняліся. Надоўга ў камуналцы, дзе кухня, калідор і прыбіральня – агульныя, ніхто не жадаў затрымлівацца.

«Адзін памёр, другую – выкінулі з дзявятага паверху. Я ў ейным пакоі цяпер жыву, той нябожчыцы. Мы засталіся, маці давай плаціць за ўсіх, так і плоціць. І ім пофіг, абы плацілі», – распавядае жонка Аркадзя.

Ахвотных заехаць у камуналку больш не знайшлося, і чальцы сям’і сталі паўнавартаснымі гаспадарамі 90 квадратаў. Замест аднаго пакою ў іх аказалася цэлых 5. Двума з іх Аркадзь і Аксана ніколі не карысталіся. Там нават вокнаў няма. Сямʼі прапанавалі прыватызаваць жытло, але ў пенсіянераў не знайшлося грошай. Таму цяпер за камунальныя метры, якія набылі статус арэндавых, яны плоцяць 200 рублёў штомесяц.

«Во, бабка мая, памірае, ляжыць. Ну што, я яе ў тазік пасаджу, калі яна ні туды, ні сюды? Так бы хоць ванну, хоць на руках занеслі», – разважае Аксана Ходас.

Гарачай вады няма. Аркадзь з Аксанаю, каб памыцца, ездзяць да знаёмых, а 90-гадовая бабуля не была ў душы ўжо некалькі гадоў – з таго часу, як не падымаецца. Сям’ю шмат разоў залівалі суседзі: пра гэта нагадвае чорная столь. Па драўлянай падлозе страшна хадзіць. Ці не праваліцца яна часам? Паводле закону надзённы рамонт у камуналках за свае сродкі мусяць рабіць уласнікі. Калі ж у кватэры іх некалькі, то кошт рамонту агульных тэрыторыяў дзеліцца на ўсіх зарэгістраваных.

«Некалькі жыхароў або адзін жыхар можа зрабіць надзённы рамонт у памяшканнях агульнай уласнасці. І потым у судзе патрабаваць спагнання ад астатніх суўласнікаў сувымерна з займанаю плошчай той часткі панесеных выдаткаў, якія былі выдаткаваныя», – каментуе адвакат Аляксандр Філановіч.

Юрый – сусед Аркадзя і Аксаны. Пакой ён набыў у 2000 годзе за 5500 тысячаў долараў. Кажа, што нават уявіць сабе не мог, у які жах ператворыцца ягонае жыццё. У іхнай камунальнай кватэры – 6 пакояў. Колькі тут цяпер жыве чалавек, мужчыну нават падлічыць цяжка: недзе каля дзясятка.

«Кожны ўстае прыкладна з 7 да 8 раніцы. Натуральна, свае патрэбы трэба неяк спраўляць. Унітаз мянялі за свой кошт. Прыбіральня – адзіная для ўсіх», – распавядае Юрый Сілівёрстаў.

Бальшыня гаспадароў здае свае пакоі. Таму ў кватэры яны з’яўляюцца рэдка або наагул сустракаюцца з наймальнікамі на нейтральнай тэрыторыі. Дамовіцца з імі аб супольным рамонце ў Юрыя не атрымліваецца. Тым жа, хто здымае пакоі, рамонт не патрэбны. У мужчыны, які працуе простым будаўніком, грошай, каб самастойна адрамантаваць кватэру, няма.

Усе трубы згнілі, паўсюдна вільгаць і грыбок. Праводка ўвесь час прыходзіць у нягоднасць. Там ніколі не рабілі капітальнага рамонту. Юрый кажа, што абяцанкі ад дзяржавы чуў яшчэ 18 гадоў таму. Але ў камуналцы з таго часу нічога не змянілася.

Паглядзіце, як выглядаюць гэтыя камунальныя кватэры, у сюжэце!

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • «Каб пражыць, ашчаджаю нават на цяпле» – беларусы пра свае пенсіі
  • Красці нельга, а не плаціць падаткі – можна. Каштоўнасці беларусаў
  • У ЗША беларускія свечкі купляюць за 50 долараў, а ў нас не бяруць і за 10: бізнесоўцы пра імпартазамяшчэнне

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».