«Гэта агромністая вайсковая база». Расследаванне на расейскай мяжы


Выбар паміж глыбіннай інтэграцыяй і ваеннай акупацыяй. Менавіта гэткая карціна вымалёўваецца з расследавання кіраўніка беларускай службы «Інформнапалм» і журналіста газеты «Новы час» Дзяніса Івашына.

У публікацыі «Ваенны ціск? Расейскія войскі на мяжы з Беларуссю» аўтар звяртае ўвагу на перакідванне расейскіх ударных падраздзяленняў непасрэдна да мяжы з Беларуссю ды стварэнне паўнавартаснай наступальнай лініі. Пры гэтым усё, на думку Івашына, сведчыць пра абсалютную прыярытэтнасць менавіта беларускага стратэгічнага напрамку.

Дзяніс Івашын, кіраўнік беларускай службы «Інформнапалм»:

«Пачынаючы з траўня 2018 года і да кастрычніка, да апошняга часу – гэта апошняя інфармацыя, даступная са спадарожніка, спадарожнікавыя здымкі – выразна бачна, як літаральна за апошнія 1,5 гады вайсковая база ў Клінцах павялічылася фактычна ўдвая. Калі раней яна займала 25 га зямлі, то зараз ужо звыш 60 га. У гэты момант там дыслакуюцца два мотастралковыя падраздзяленні, якія налічваюць ля 70-80 танкаў, звыш 170 браняваных баявых машынаў – БТР-80, БТР-82А, БМП-2.

Апроч гэтага ў Ельні Смаленскай вобласці, а гэта ў 100 км ад мяжы з Беларуссю, вельмі актыўна разгортваецца 59-ты танкавы полк! І гэта досыць грозны кулак. Яшчэ раз зазначу, што гэта абсалютна стратэгічны напрамак менавіта беларускі. […] Калі Беларусь ухваліла з Расеяй так званую Саюзную дамову ў 1999 годзе, падраздзяленні, якія раней дыслакаваліся ў той жа Ельні, – у Клінцах іх не было, зазначым, – яны пачалі згортвацца ў пачатку нулявых. І на працягу апошняга часу да пачатку расейска-ўкраінскай вайны іх там увогуле не было! […]

Вось гэтыя паўнамаштабныя разгортванні, якія пачаліся з траўня 2018 года і працягваюцца нават у гэты час, пакуль мы з вамі размаўляем, цалкам супадаюць з інтэнсіфікацыяй Расейскай Федэрацыяй усіх захадаў, што да разгортвання так званай Саюзнай дзяржавы. Я лічу, што гэта не супадзенне…»

Расейскі ж палітолаг Павел Лузін мяркуе, што ўзмацненне расейскіх войскаў на мяжы з Беларуссю не звязанае з ціскам у часе інтэграцыйных перамоваў. Каментар палітолага – у відэа.

Працяг размовы – у відэа.

Валеры Руселік belsat.eu

Аб’ектыў
Навошта Расея нарошчвае войскі ля беларускай мяжы?
2019.12.12 22:53