У красавіку нашая праграма распавядала пра судовыя разборы жывёлагадоўцы Уладзіміра Яўтухі з дзяржаўным прадпрыемствам «Міжэвічы». Яму за мінулы год працадаўцы не даплацілі больш за Br 2 тыс. за звыштэрміновую працу. Суд тады даў прадпрыемству «Міжэвічы» месяц на тое, каб яно цалкам разлічылася са спадаром Уладзімірам і перагледзела свае нарматывы ды падвысіла заробкі ўсім працаўнікам.
Праз месяц нашая здымачная група наведала вяскоўца. Працадаўца цалкам з ім разлічылася, а таксама падвысіла нарматывы. Новыя тарыфы складаюць цяпер 33 капейкі за гадзіну замест папярэдніх 26. Здаецца, 7 капеек – гэта нязначныя змены. Аднак спадар Яўтуха сваймі дзеяннямі дабіўся падвышэння заробкаў усім працаўнікам прадпрыемства.