Францыя, Вялікая Брытанія, Польшча і Чэхія адзначылі Дзень Памяці ахвяраў Другой сусветнай вайны


Канец гітлераўскае Нямеччыны і канец Другой сусветнай вайны ў Еўропе. Сёння ў шэрагу краінаў Еўропы адзначаюць Дзень памяці ды прымірэння. Адзначаюць перамогу ў гэтай вайне 8 траўня і нашыя паўднёвыя суседзі.

«Гэтая дата мае быць асноўнаю. 8-га траўня як Дзень памяці і прымірэння мы маем адзначаць разам з усёй Еўропаю, завяршэнне Другой сусветнай вайны ў Еўропе», – кажа Уладзімір Вятровіч, дырэктар Інстытуту нацыянальнай памяці (Украіна).

8-га траўня ва Украіне робіцца акцэнт менавіта на ўшанаванні ахвяраў вайны.

Сёння прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон усклаў вянкі да магілы невядомага жаўнера ля Трыумфальнай аркі ў Парыжы. Апроч Францыі, 8 траўня ёсць у афіцыйным святочным календары Вялікай Брытаніі, Польшчы ды Чэхіі. У шэрагу краінаў постсавецкай прасторы, а таксама ў Ізраілі святкуюць 9-га траўня.

Пра два дні адной перамогі размаўляем з гісторыкам Ігарам Мельнікавым:

«…У Беларусі ў гэты дзень варта ўзгадваць усе ахвяры і ўсіх герояў Другой сусветнай вайны. У нашай краіне зараз адбываецца акцыя «Беларусь памятае». Добрая ў суме акцыя, але праблема ў тым, што ўзгадваюць толькі адных барацьбітоў супраць нацызму – менавіта савецкіх жаўнераў. Я запусціў акцыю «Беларусь памятае» пра жаўнераў Войска Польскага ці беларускіх андэрсаўцаў. Гэта таксама тыя жаўнеры, якія з першых дзён Другой сусветнай вайны змагаліся супраць нацыстаў, але пра якіх на доўгі час у Беларусі забылі. І вось гэты момант, калі адная частка беларускай гісторыі ўзгадваецца, а другая не ўзгадваецца – напружвае…»

Уся размова – у сюжэце.

belsat.eu