Эмульсія з салёных гуркоў. Беларусы ўмеюць здзіўляць


Як шніцаль па-палеску ператварыўся ў высокую кухню?

У шоу «Я не буду гэтага есці!» на «Белсаце» вядомыя людзі дзеляцца з намі сваймі кулінарнымі траўмамі: распавядаюць, да якой стравы не могуць дакрануцца з дзяцінства і чаму. Задача нашых шэф-кухараў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага змяніць рэцэпт так, каб наш герой з’еў усё да апошняй лыжкі ды папрасіў яшчэ.

Прыгатаваць смачны шніцаль – такую задачу перад імі паставіла вядомая ва Украіне акторка і вядоўца кулінарных тэлепраграм Даша Малахава. І ў гэтай серыі перамог рэцэпт аднаўляльніка традыцыяў беларускай кухні Аляксандра Чыкілеўскага.

Шніцаль па-палеску з эмульсіяй з салёных гуркоў і салатай ад Аляксандра Чыкілеўскага. Фота belsat.eu

Шніцаль па-палеску з эмульсіяй з салёных гуркоў і салатай

  • курыная грудка – 150 г
  • мука – 50 г
  • яйка – 2 шт.
  • сухары паніровачныя – 100 г
  • соль
  • перац молаты чорны
  • рукала
  • буякі (па-расейску – голубика) – 30 г
  • семкі гранату – 40 г
  • гарчыца – 50 г
  • мёд – 20 г
  • алей – 300 г
  • лімонны сок – 60 мл
  • лімон – 50 г

Філе разрэзаць пялёсткам і адбіць да таўшчыні 2-3 см. Пасаліць і паперчыць. Абкачаць у муцэ, затым – два разы ў яйку і ў паніровачных сухарах. Смажыць у вялікай колькасці алею да залацістага колеру, а потым дагатаваць у духоўцы (5 хвілін).

Рукалу змяшаць з ягадамі ды семкамі гранату. Дадаць запраўку з мёду, алею ды лімоннага соку з гарчыцай.

З яйка, паловы гарчыцы, расліннага алею і гурковага расолу прыгатаваць соус-эмульсію, які найлепш падаць асобна – у прызначаным для гэтага невялікім начынні. Таксама асобна падаць абпечаны лімон.

Але цалкам магчыма, што акурат вам будзе больш да спадобы рэцэпт Вольгі Прыгаравай. Таму падаем і яго.

Цялячая адбіўная па-міланску ад Вольгі Прыгаравай. Фота belsat.eu

Цялячая адбіўная па-міланску

  • цяляціна – 600 г
  • сухары паніровачныя – 200 г
  • пармезан – 200 г
  • прыправа – праванскія зёлкі
  • яйка – 3 шт.
  • цукіні – 1,5 кг
  • морква – 1,5 кг
  • рэдзька зялёная – 150 г
  • рукала – 50 г
  • лімон – 1 шт.
  • вяршкі – 500 мл
  • сыр з блакітнай цвіллю – 150 г
  • масла сметанковае – для падсмажвання
  • алей аліўкавы – для запраўкі

Мяса адбіваем, паніруем спачатку ў муцэ, потым у яйку і, у рэшце рэшт, у сумесі сухароў, цёртага пармезану і праванскіх зёлак. Абсмажваем на патэльні з разагрэтым сметанковым маслам. Адкідваем на сурвэткі, пасля – даводзім да гатовасці ў духоўцы пры 180 градусах цягам 5–7 хвілін.

Гатуем соус: сыр з блакітнай цвіллю і вяршкі падаграваем у сатэйніку і змешваем да аднароднай кансістэнцыі. Для салаткі тонка рэжам рэдзьку, цукіні і моркву, дадаем рукалу ды запраўляем сумессю аліўкавага алею з лімонным сокам, соллю і перцам.

Шніцаль падаем з соусам і салаткай.

Працэс прыгатавання можна падгледзець у чарговай серыі «Я не буду гэтага есці!» (відэа ў пачатку артыкула).

Шоу «Я не буду гэтага есці!» глядзіце штонядзелю а 19:35 паводле менскага часу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Astra 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў архіве на нашай старонцы.

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на Facebook, у «Одноклассниках» і ў Instagram.

ІА, belsat.eu