Эксклюзіўны каментар працаўніка «Беларуськалія» пра трагедыю


4 лютага ў Салігорску адбылася трагедыя. Адзін рабочы загінуў, яшчэ сямёра пацярпелі ў шахце «Беларуськалію». Паводле Следчага камітэту, напярэдадні падземная машына, якая перавозіла пасажыраў на глыбіні шасцісот метраў, сутыкнулася з цаліком горнай апрацоўкі.

Менавіта кіроўца транспарту памёр ад траўмаў. Пасля правядзення кансіліуму ў Салігорскім шпіталі прынялі рашэнне перавесці пяцёх пацярпелых у менскія больніцы. Яшчэ аднаго пацярпелага адпусцілі дадому. На месцы здарэння працуюць следчыя. Прафесія шахцёра лічыцца адною з найнебяспечнейшых. За апошнія 5 гадоў у шахтах «Беларуськалію» загінулі 10 чалавек. Вось што пра сітуацыю ў Салігорску кажа працаўнік «Беларуськалію», які пажадаў застацца невядомым:

«Жадае лепшага гэтая тэхніка і ейны стан, аб чым ужо гаварылася неаднаразова на сустрэчах з кіраўніцтвам. Так, парк тых машын, якія прадугледжаны для дастаўкі людзей на ўчасткі, абнаўляецца, але не тымі тэмпамі, якімі б нам хацелася.

На гэта ўплывае шмат фактараў, у тым ліку тэндарная сістэма, каторая была спушчана зверху, і немагчымасць проста ўзяць і закупіць аднаразова ці ў два-тры заходы неабходную колькасць гэтых машын. Супрацоўнічаем з тэхнікай бяспекі і з аховай працы штораз лепей, насамрэч, умовы вельмі добрыя. Няма чаго тут хаваць і хлусіць, калі мы бярэм 10 год таму, і нават 20 год таму – гэта на некалькі галоваў вышэй».

Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

belsat.eu