«Зазвычай я не сяджу на адным месцы: гэта аперацыі, перавязкі, абыход, праца ў розных карпусах. Але менавіта ў той дзень мне пашчасціла: я вёў кансультацыйны прыём і большасць часу заставаўся ў адным кабінеце», – кажа лекар.
На ўсёй тэрыторыі шпіталю і ў большасці памяшканняў усталяваныя камеры відэаназірання. Дзмітрый Іваноў запрасіў відэа з ягонага кабінету, на якім выразна бачна, у які час ён там быў.
«А 12:24, улічваючы, што больш пацыентаў на прыём не прыйшло, я пакінуў кабінет і пайшоў па сваіх працоўных момантах. А 12:43 я вярнуўся ў кабінет, які не пакідаў да пачатку 14-й гадзіны», – распавядае Дзмітрый.
Гэтыя 18-19 хвілінаў, якія доктар адсутнічаў у кабінеце, вельмі зацікавілі прадстаўнікоў аўтаінспекцыі. Таму Дзмітрыю давялося запрасіць яшчэ і відэа з КПП шпіталю. У пазначаны інтэрвал часу ягоны аўтамабіль не заязджаў на тэрыторыю больніцы і не выязджаў з яе.
Карэспандэнты «Маю права» спрабавалі даведацца ў ДАІ Фрунзенскага раёну Менску, на падставе чаго на Дзмітрыя склалі пратакол, але безвынікова. З тым жа самым пытаннем спадар Іваноў звярнуўся да інспектара ДАІ, які склаў на яго пратакол.
«Папрасіў, каб мне паказалі відэа або нешта, што даказвае маю віну. На што мне адказалі, што на дадзены момант яго няма», – кажа Дзмітрый.
Артыкул, які інкрымінуюць Дзмітрыю Іванову, прадугледжвае вялізны штраф і нават пазбаўленне пасведчання кіроўцы на два гады.
Мы пацікавіліся ў юрыста парталу «Автобизнес» Яўгена Грачова: ці могуць пакараць кіроўцу, не зважаючы на доказы, што ён быў у іншым месцы?
«Адміністратыўнае заканадаўства прадугледжвае толькі адзін выпадак, калі ўласнік транспартавага сродку нясе адказнасць. Гэта фіксацыя хуткаснага рэжыму і правілаў паркоўкі, якія зафіксаваныя ў аўтаматычным рэжыме – то бок адмысловымі камерамі. Іншай адказнасці ўладальніку аўта, скажам так, аддаленай адказнасці, законам не прадугледжана», – падкрэслівае юрыст.
Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.