Лідзія Ярмошына прызнавалася, што старшыні ўчастковых камісіяў за 30 дзён выбараў зарабляюць 880 рублёў «чыстымі» кожны. Старшыням акруговых выбаркамаў за 60 дзён працы плацяць 1770 рублёў. Шараговыя чальцы атрымліваюць па-рознаму, у залежнасці ад адпрацаваных дзён.
«За працу ў дзень выбараў атрымаюць на рукі каля 69 рублёў», – кажа старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына.
Плюс – працоўны заробак, які захоўваецца ва ўсе дні сядзення ў камісіі. Выходзяць вельмі неблагія грошы за няпыльную працу. Але толькі для сваіх.
«Мне заплацілі, я не памятаю, можа, 70–80 даляраў у эквіваленце за ўвесь перыяд», – Зміцер Каспяровіч, кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі БНФ.
Зміцер трапіў у склад акруговай выбарчай камісіі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. У ягоныя абавязкі ўваходзіла час ад часу дзяжурыць у Менгарвыканкаме і сачыць за выкананнем заканадаўства ва ўчастковых камісіях.
«Мая калега па Белай Русі разумела гэта як «сцяг павінен вісець неяк правільна, урны стаяць на нейкай адлегласці», – распавядае Зміцер. – Я ж узяў правяраць пратаколы, колькі людзей прагаласавала датэрмінова, і параўнаў з журналамі, дзе стаяць подпісы людзей, якія прагаласавалі».
Лічбы розніліся разоў у пяць. І гэтак на ўсіх участках Савецкага раёну Менску. Але ж звычайна чальцы выбарчых камісіяў носу ў гэта не сунуць.
«Хто там у гэтай камісіі? Два генералы, нейкія адстаўнікі, пенсіянеры, такі ўзрост…» – згадвае Зміцер.
Сёлета ў кампанію трапілі толькі 12 прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці ў краіне. У Менску – ніводнага. Вольга прысутнічала на адным з пасяджэнняў, дзе фармавалі выбарчыя камісіі.
«Па кожнай кандыдатуры галасавалі, і не ўваходзілі толькі прадстаўнікі, якіх вылучалі мы. Вось яны галасуюць за астатніх: Асацыяцыя шматдзетных сем’яў, Беларуская аграрная партыя, Партыя працы – ну то бок у іх быў спіс загадзя падрыхтаваны, за каго трэба галасаваць», – апавядае былая кандыдатка ў дэпутаты Вольга Кавалькова.
Толькі на першы погляд абіралі людзей незалежных, ад розных партыяў і арганізацыяў.
«Яны ведаюць адзін аднаго добра, у іх стасункі на ты», – заўважае Любоў Кавальчук, назіральніца на выбарчым участку № 427.
Пачуўшы ад старшыні камісіі фразу «Не вучыце нас лічыць, мы ўжо не першы раз на выбарах», Любоў зацікавілася: а каторы раз? І пашукаўшы прозвішчы чальцоў у сацыяльных сетках, у інтэрнэце, пабачыла, што ўсе яны працуюць у адной установе. І выбары для іх – звыклая справа.
«Калі паглядзець у інтэрнэце, то сапраўды, тыя ж самыя фаміліі – цягам трох-чатырох выбараў. Могуць аднаго памяняць, напрыклад, а большасць – тая самая», – кажа назіральніца.
Прааналізаваўшы спісы выбарчых камісіяў, блогер Мікалай Маслоўскі высветліў: гэтак паўсюль! Большасць чальцоў тэрытарыяльных участкаў працуюць разам. І кантралюе кожнага непасрэдны кіраўнік з працы.
Вы добрасумленна плаціце падаткі? Тады віншуем: працу выбарчых камісіяў аплацілі менавіта вы. Тры рублі кожны. Проста падарылі, бо мы не можам спытаць з камісіяў за якасць іхнай працы. І хутка падорым нашыя грошы чарговы раз – падчас прэзідэнцкіх выбараў.
Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».