Для простага чалавека прадукты даражэюць, для багатага – таннеюць


Эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі заўважыў, за мінулы год капуста падаражэла ўдвая, а наагул кошты на харчы, паводле афіцыйнай статыстыкі, выраслі ўсяго адсоткаў на 5. Як тое магло адбыцца – разбіраемся далей.

Традыцыйная тэма размоваў тутэйшых людзей – цэны. Сярод іншага, іх здольнасць няўхільна расці. Гэты феномен не паддаецца аніякаму ўплыву. Змяняюцца нават сацыяльна-эканамічныя фармацыі, а яны сабе растуць.

Мая настольная кніга «Сацыяльна-эканамічнае становішча Рэспублікі Беларусь» вучыць нас, што ў параўнанні са снежнем 2017 года індэкс спажывецкіх цэнаў вырас на 5,6 %.

Індэкс спажывецкіх цэнаў

Некаторым падаецца, што болей. Гэта ілюзія, панове! Вы ж спажываеце не ўсе тавары. На вашы ўлюбёныя мо, хутчэй, падаражэнне ішло.

Напрыклад, як і кожны сярэдненармальны беларус вы прыблізна палову грошай, нехта болей, нехта меней крыху, выдаткоўваеце на ежу. Нешта на адзенне ідзе, а нешта на розныя плацяжы. Вось і разгледзім кожны артыкул падрабязней.

Індэкс цэнаў на харчовыя тавары

І праўда, харчовыя паказваюць крыху большую лічбачку: снежань 2018 да снежня 2017 – 105,7 %. Нехарчовыя, чыста для даведкі, – 103,8 %, а паслугі – 108,1 %. Зразумела, што сярод харчовых тавараў ёсць такія, што складаюць аснову рацыёну сярэдняга спажыўца. А сярод паслугаў – такія, ад якіх не адмовішся.

І калі ісці шляхам набліжэння, то адкрыецца, што сярод харчовых тавараў вылучаюцца харчы ды іх іх індэкс, бач ты, ужо 105,8 %.

Індэкс цэнаў на харчы

Рацыён да рацыёну не падобны. Нехта запівае фуагра каньяком, а нехта крабавыя палачкі лідскім півам. Але ж збольшага ўсе ядуць мяса. Бо зіма. І ўлетку не адмаўляюцца. Ад кураціны, напрыклад, булёну якога. Карысная ж рэч. Калі з грэнкамі ды гароднінаю свежай. Што і казаць.

Такі наш экстрэмальны погляд на харчы дазваляе высветліць крыўдныя для папулістаў падрабязнасці.

Індэкс цэнаў на прадукты масавага спажывання

І на табе. Простанародная свініна з салам, жыламі ды косткамі падаражэла на 16,2 %, а куры ды іх дзеці-бройлеры ажно на 21,5 %. Капустка – удвая падаражэла, буракі – напалову, цыбуля на 40 %, ну а бульба, дзякуй богу, – усяго на 19,1 %. Так што некаторыя нездарма на пачатку рубрыкі адчулі кагнітыўны дысананс.

Але раю разняволіцца. Бо тое ж было ажно ў снежні, і рост цэнаў працягваецца тым самым тэмпам, што і летась. Рэагаваць жа на яго можна толькі адпаведным спосабам: павялічыць свае прыбыткі. Поспехаў!

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Міхал Залескі, belsat.eu