Чвэрць стагоддзя таму Міністэрства працы і Міністэрства аховы здароўя ўнесла дэзынфектара ў спіс прафесіяў з небяспечнымі ўмовамі працы.
«Працавалі з хімікатамі: хлор, хлорамін, ДП-2, карбафосам. Апрацоўвалі пацыентаў ад педыкулёзу», – кажа Валянціна.
Сярод ільготаў, якія прадугледжваліся за небяспеку, – выхад на пенсію на пяць гадоў раней за тэрмін. Але скарыстацца гэтым правам спадарыня Валянціна не змагла.
«У 2013 годзе мне споўнілася 50 гадоў, і я вырашыла скарыстацца правам атрымаць ільготную пенсію. Я звярнулася ва ўпраўленне працы, якое прызначае пенсію, але мне адмовілі. Я напісала ў Камітэт працы і Міністэрства працы. Яны мне адказалі, што мае гады працы могуць быць залічаныя», – распавядае Валянціна.
Куды зніклі пяць гадоў пенсіі, кіраўніцтва шпіталю патлумачыла спадарыні Валянціне проста:
«Казалі, што ўвогуле ніяк шкоднасці не было. Я звярнулася ў суд. Суд Фрунзенскага раёну пастанавіў: незаконныя дзеянні ўпраўлення працы».
Чатыры гады таму Цэнтральная раённая больніца правяла пераатэстацыю працоўных месцаў. На гэтай падставе адмянілі вынікі папярэдніх атэстацыяў і скасавалі адпаведныя дамовы з працаўнікамі.
Ігар Комлік, юрыст незалежнага прафсаюзу, лічыць гэта грубым парушэннем правоў працоўнай.
«Умовы працы, у якіх працавала работніца, былі ацэненыя 25 гадоў таму. Быў складзены акт аб працы ў шкодных умовах, былі вызначаныя ўмовы працы, фактары, якія ўплываюць на гэта. І ануляваць дакумент, які быў падпісаны і наймальнікам, і працаўніком, – выклікае сумневы і скепсіс», – лічыць юрыст.
Спробы змяніць умовы працы постфактум, каб пазбавіць былога працаўніка ільготаў, цяпер вельмі распаўсюджаныя.
«Працаўнік, калі ў яго змяняюцца ўмовы працы, не мусіць з гэтым пагаджацца. На жаль, наймальніку і дзяржаве цяпер выгадна абмяжоўваць людзей у правах. Але яны мусяць з гэтым змагацца», – адзначае Ігар Комлік.
Інспектарка аддзелу кадраў Менскай цэнтральнай раённай больніцы Тамара Грынцэвіч паабяцала нам разабрацца з пытаннем Валянціны Навіцкай.
«Я ў гэты час не працавала. Таму трэба вывучыць сітуацыю, я кіраўніцтву ўсё апавяду. Яна на сваім роўні хай звернецца да нас у аддзел аховы працы, аддзел падыме гэтыя дакументы, і, я спадзяюся, вывучым гэтае пытанне», – адказала Тамара Грынцэвіч.
Валянціна Навіцкая збіраецца абскарджваць рашэнне пра пераатэстацыю ў судзе і дабівацца кампенсацыі за страчаныя пенсійныя гады.
Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.