Прагноз на будучыню агучыла старшыня Бабруйскага гарвыканкаму.
Гэта адбылося падчас сустрэчы, на якой прысутнічала Таццяна Зялко, прадстаўніца грамадскай арганізацыі пенсіянераў «Наша пакаленне». Жанчына шмат год кансультуе людзей, якія маюць праблемы з пенсіяй. Спадарыня Таццяна была госцем у студыі праграмы «Людскія справы», прысвечанай зменам у пенсійным заканадаўстве Беларусі.
Ад 2015 году дзейнічае новы парадак налічэння працоўных пенсіяў. Змены ў закон аб пенсійным забеспячэнні ўнёс прэзідэнцкі ўказ ад 8 снежня 2014-га.
Сёння для атрымання працоўнай пенсіі трэба мець 15 гадоў «страхавога» стажу. Штогод ён павялічваецца яшчэ на 6 месяцаў, каб з часам дасягнуць 20 гадоў. Акрамя таго, часткі працоўнага стажу пазбавіліся некалькі катэгорыяў грамадзянаў: былыя студэнты і вайскоўцы тэрміновай службы, жанчыны ў адпачынку па доглядзе за дзецьмі ды людзі, якія даглядалі хворых ды інвалідаў. З гэтай прычыны тысячы грамадзянаў патрапілі ў гэтак званую «пенсійную пастку», калі для працоўнай пенсіі ім не хапае стажу.
Пра гэта ў праграме разважае жыхарка Івянца Ірына Лотыш. Ёй 57 гадоў, яна мае 29 гадоў агульнага працоўнага стажу і аніякай пенсіі. Гады догляду за бацькам – інвалідам І групы – у гэты стаж не ўлічылі, а сацыяльная пенсія па ўзросту для жанчыны налічваецца толькі з 60 гадоў.
«Гэтыя ўказы – яны адмянілі тое пенсійнае заканадаўства, якое было пры маім жыцці. Мне адмовілі ў пенсіі паводле закону, якога ўвогуле не існавала. Якога я не магла і ўжо не магу выканаць паводле свайго ўзросту».
Цяпер Ірына Лотыш судзіцца з уладамі за права атрымоўваць заслужаную пенсію. Паводле яе, спроба змагацца з уладамі прывяла да таго, што яе спрабавалі прымусова адправіць у псіхіятрычны шпіталь у Навінкі. Аднак жанчына збіраецца і надалей змагацца за свае правы.
Другая гераіня «Людскіх справаў» – Марына Яску з аграгарадка Слабада Смалявіцкага раёну. Яна выгадавала чацвярых уласных дзяцей, жыла ў вёсцы, трымала вялікую гаспадарку. Але ні гады студэнцтва, ні догляд за дзецьмі ў працоўны стаж не ўлічаны, і ў выніку – на працоўную пенсію жанчына за сваё жыццё не зарабіла. Цяпер Марына лічыцца працаўладкаванай – мамай дзіцячага дому сямейнага тыпу. Аднак кожны год працоўны стаж у краіне павялічваецца, і жанчына ня ведае, ці здолее яго «дагнаць», каб мець права на працоўную пенсію.