Бюджэтнікам падымаюць заробкі, а лепей жывуць толькі чыноўнікі




Эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі спрабуе падлічыць, колькі ў Беларусі жыве «бюджэтнікаў» і ці добра яны зарабляюць.

Бюджэтнікі – слова савецкае, а таму яно па камуняцкай манеры сэнсу з’явы не раскрывае, а толькі людзей заблытвае. Звычайна, тыя, хто ім карыстаецца, спрабуюць адаслаць нас да гаротнікаў, што сядзяць па завуголлі ў розных бібліятэках і паліклініках. А яно зусім ня так. А як? Разбярэмся.

Дакладна фармулюючы, бюджэтнікам зʼяўляецца кожны наёмны работнік усякай бюджэтнай арганізацыі і ўстановы, ад прэзідэнта, да прыбіральшчыцы. Так вучыць рускіх і абруселых Падатковы Кодэкс, агульная частка, артыкул 16, пункт першы. На нашай мове яго напэўна няма, не знайшоў, то як зразумеў, так і перадаю.

У Белстату, дарэчы, усё на рускай мове, а сляды яны блытаюць яшчэ па савецкай традыцыі. Тыя 40%, што працуюць на дзяржаўнай уласнасці гэта мільён 750 тысяч чалавек.

Яны ня ўсе пэўна бюджэтнікі. То паспрабаваў паглядзець з іншага боку, хто чым заняты. Заняткі падыходзячыя, але хутчэй за ўсё, там не толькі дзяржаўная ўласнасць. Істотную долю прыватнікі ды замежнікі будуць складаць толькі ў забавах ды спорце, пакрысе будзе ў медыцыне ды адукацыі, а астатнія – тое, што шукаем.

Звычайна ў статыстычных зборніках падрабязна не разглядаюць тых, што апісваюцца другім мутным слоўцам, «сіловіков». Ня станем і мы тое рабіць, зацемім толькі, што на душу насельніцтва іх у нас больш чым дзе ў свеце. Ці добра тое, самі мяркуйце.

Карацей, па даступнай мне статыстыцы палічыць бюджэтнікаў у маім фармальным разуменні досыць цяжка. Ня думаю, што іх больш за мільён чалавек. Але намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата паказвае нам, што дае той бюджэт болей тым, хто дапамагае яго папаўняць.

З іншага боку, тыя бюджэтнікі, што кантактуюць з масаю насельніцтва пастаянна сваёй беднасцю і неэфектыўнасцю насельніцтва раздражняюць, чым і самі не вельмі задаволеныя.

Белстат, напрыклад, сарамліва абʼяднаў сацыяльную дапамогу з дактарамі. Але ж ад тога нікому лягчэй і лепей не зрабілася.

Начальства ў сувязі з тым яшчэ летась пастанавіла падняць заробкі медыкам, настаўнікам і выхавацелям да 800 рублёў. Яно іх паднімае, а яны нешта апускаюцца.

У жніўні сярэдняя зарплата ў бюджэтных арганізацыях атрымалася на 21 рубель менш чым у ліпені і склала 721 рубель. А яе ізноў працэнтаў на 20 пастаноўлена падвысіць і тарыфную стаўку першага разраду для разліку зарплаты работнікаў бюджэтных арганізацый падняць з 34 да 35,5 рубля.

Нагадвае мне тое змаганне мітычнага героя з Гідраю. У яе замест адной галавы дзве новых вырастала. Гэтак і бюджэтнікі, не знікаюць і просяць есці. Яны ж не вінаватыя, што так усё арганізавана. Поспехаў у працы!

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».