Сёлета стартаваў супольны праект грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Франкфурдскага заалагічнага таварыства для захавання Палесся. Пра гэта размаўляем з сэрам Джонам Лотанам, кіраўніком кембрыджскай камісіі па захаванні ландшафтаў, якія знаходзяцца пад пагрозай. Менавіта гэтая камісія прымала рашэнне аб вылучэнні сродкаў на Палескі праект.
– Наколькі важны Палескі рэгіён для Еўропы?
– Палессе – гэта адное з апошніх дзікіх месцаў у Еўропе. Я не думаю, што людзі разумеюць гэта. Беларусы звыкліся да таго, што гэтая мясцовасць увесь час побач. Яны не ўсведамляюць, наколькі гэта каштоўная тэрыторыя. Палессе – адное з месцаў дзікае прыроды, дзе засталіся мядзведзі, ваўкі, велізарная колькасць вельмі важных відаў, журавы, арлы ды іншыя птушкі. Гэта ўнікальная тэрыторыя з-за біятопаў, каштоўная.
– А як гэта выглядае тэрытарыяльна?
– Памер тэрыторыяў неймаверны. Гэта частка вялікага праекту, які рэалізуецца на ўсім кантыненце. І Палескі праект – найбуйнейшы сярод усіх. Гэта 12 тысячаў квадратных кіламетраў, гэта мікс з самой ракі Прыпяць, велізарныя забалочаныя ўчасткі ды іншыя водна-балотныя ўгоддзі. Такія тэрыторыі практычна зніклі з еўрапейскага кантыненту. А тым часам такія мясціны жыццёва неабходныя пералётным птушкам, якія лятуць са Скандынавіі ў Афрыку, напрыклад, журавам і чаплям. Але таксама неабходныя жывёлінам, якія там жывуць: мядзведзям, ваўкам…
Сэр Джон Лотан распавёў таксама пра тое, як гэтыя тэрыторыі былі пашкоджаныя ў савецкія часы, пра пагрозу воднага шляху Е40 і нелегальнага палявання. А таксама пра арганізацыю зялёнага турызму, што ў выніку можа дапамагчы стварыць новыя месцы працы для беларусаў.
Працяг размовы – у сюжэце.
Наста Кахановіч belsat.eu