«Белсату» – 11 гадоў. Як усё пачыналася


Так сёння выглядае студыя «Белсату»! А як мы ўваходзілі ў эфір 11 гадоў таму? Давайце разам паглядзім, як пачыналася праца нашага тэлеканалу ва ўжо далёкім 2007-ым годзе.

З чым уваходзіць «Белсат» у свой новы год, калі нарэшце наш канал атрымае акрэдытацыю ў Беларусі, чаго чакаць новага гледачам – пра гэта ды не толькі Юлія Цяльпук паразмаўляла з дырэктаркай тэлеканалу Агнешкай Рамашэўскай-Гузы:

– Вітаю, спадарыня дырэктар! З якімі перамогамі мы ўваходзім у новы год?

– Варта адзначыць, што «Белсат» – гэта досыць стабільная медыйная ўстанова, уплыў якой ужо даўно выходзіць за межы Беларусі. Нашыя гледачы жывуць ва Украіне, Расеі ды іншых краінах. Мы здолелі ўтрымаць свае пазіцыі, сёлета «Белсату», напэўна, ужо нічога не пагражае. Мы павялічылі структуру каналу. Сёння мы не толькі тэлебачанне. Працуе нашая інтэрнэт-старонка на чатырох мовах, штодзень мы робім больш за дзве гадзіны жывога эфіру, здымаем дакументальныя фільмы, адзін з якіх літаральна днямі атрымаў адную з самых прэстыжных прэміяў свету. Усё гэта і яшчэ шмат іншага сведчыць пра наш поспех.

– Ці ёсць магчымасць атрымаць у наступным годзе акрэдытацыю ў Беларусі?

– Ужо неўзабаве мы зноў будзем падаваць дакументы на акрэдытацыю, і думаю, што гэтая праблема ўрэшце развяжацца. Цягам некалькіх гадоў мы спрабуем, фактычна бесперапынна, рабіць запыты на атрыманне такой акрэдытацыі, і ўжо два разы яе атрымлівалі. Спачатку для пяці журналістаў, потым для трох. Значыць, што гэта магчыма, а раз магчыма, то будзем спрабаваць яшчэ раз.

У першую чаргу гэта б развязала праблему атрымання безлічнай колькасці штрафаў за стварэнне медыяпрадукту без акрэдытацыі. Пакуль гэтая акалічнасць пагаршае жыццё нашых працаўнікоў, абцяжарвае бюджэт каналу. Штогод мы мусім плаціць дзясяткі тысяч еўраў такой даніны, прычым толькі за тое, што мы працуем, што нашыя журналісты хочуць працаваць.

– Якія перадачы на канале найбольш папулярныя ў гледачоў?

– Мы ўвесь час робім даследаванні на гэтую тэму і будзем рабіць іх надалей. Мы ведаем, што гледачоў цікавіць інфармацыя. Гэта адная з галоўных асаблівасцяў нашага тэлеканалу: людзі шукаюць праўдзівай інфармацыі і таму шукаюць яе на «Белсаце». Таксама нашыя гледачы цікавяцца гістарычнымі праграмамі, звязанымі з культурай і гісторыяй Беларусі. Падавалася б, гэтыя праграмы цяжкія для ўспрымання, аднак яны маюць шмат праглядаў. У новым годзе будзем намагацца знайсці яшчэ новыя формы падыходу да гледача. Пакуль я не ведаю, што гэта будзе канкрэтна, але будзем старацца зрабіць нешта новае. Што ж датычыць інфармацыі, тут мы будзем пашыраць нашае кола і даваць як мага больш інфармацыі, якая ахоплівае падзеі на ўсёй постсавецкай прасторы.

– Ці гатовы «Белсат» канкураваць з іншымі каналамі ў тэхнічным плане?

– У наступным годзе мы плануем мадэрнізаваць нашыя магчымасці і функцыі: увойдзем у новую студыю, будзем спрабаваць выкарыстоўваць новую тэхніку. Сярод іншых новаўвядзенняў – забеспячэнне нашых працаўнікоў самымі сучаснымі камп’ютарамі, тэлефонамі, мабільнай апаратурай. Але галоўнае вось што. Так, як мы не хочам падаваць інфармацыі, мы не будзем яе падаваць. І гэта асноўная праблема дзяржаўнага тэлебачання. Таму ў сувязі з гэтым я б хацела даць параду калегам з БТ: калі хочаце, каб вас глядзелі, то мусіце даваць што заўгодна, каб гэта зацікавіла гледачоў. Бо нават калі вы пакажаце, як ідзе дождж з золата, аднак калі гэта не будзе цікава, калі гэта не будзе датычыць самых людзей, вас усё адно глядзець не будуць.

 

Кожны год Белсат выбірае журналістаў, рэжысёраў, сцэнарыстаў, якія адзначыліся адметнай працай, ды прысуджае ім узнагароды. Сёлета асобай году на «Белсаце» была абраная журналістка Вольга Чайчыц, якая знаходзіцца з намі на відэасувязі! Вольга, мы цябе бачылі паўсюдна, і на акцыях пратэстаў і ў вострых сацыяльных тэмах. А як для цябе мінуў гэты год, што запомнілася?

«Год быў досыць складаным, але і прыемным таксама. Складаным, таму што ўвесь час у мяне былі праблемы з праваахоўнымі органамі, мяне цягалі ў суды, цягалі міліцыянты, не давалі працаваць. Але ўвесь год я адчувала вельмі сур’ёзную падтрымку з боку нашых гледачоў. Людзі ўвесь час, калі са мною нешта адбывалася, стараліся мяне падтрымаць. Таксама шмат хто звязваўся са мною, асабліва калі паўставалі нейкія праблемы ў рэгіёнах, людзі тэлефанавалі мне і прасілі, каб менавіта я прыехала рабіць тэмы, што для мяне было вельмі прыемным…»