Беларусы распавялі, ад каго бароніць Лукашэнку ягоная Служба бяспекі


У Палацы незалежнасці Лукашэнка ўзнагародзіў вайскоўцаў са Службы бяспекі Прэзідэнта і ўручыў пагоны старэйшаму афіцэрскаму складу. Імпрэза адбылося напярэдадні 25-годдзя Службы бяспекі. Кампліментамі Службу бяспекі Лукашэнкі Лукашэнка засыпаў шчодра, маўляў, дзякуючы вам у Беларусі захоўваецца мір і спакой. Ці так гэта пытаем палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага.

«…Калі казаць строга паліталагічна, то ў нас персаналісцкі рэжым, і таму гэтая стабільнасць Беларусі, якую прапаганда так ухваляе, вельмі хісткая, бо ўсё завязаная на аднаго чалавека. Ён моцна ўсё трымае ў сваёй жалезнай руцэ, але ж ніхто не вечны. Нездарма нават сам Лукашэнка пачынае апошнім часам казаць (хоць, відаць, яму і цяжка гэтую тэму ўздымаць) пра транзіт улады.

На мой погляд, менавіта ў час транзіту ўлады – а гэта можа здарыцца абсалютна нечакана – Беларусь будзе вельмі ўразлівая да вонкавых уздзеянняў. Таму што ва ўсіх аўтарытарных, персаналісцкіх рэжымах, няма нармальнага празрыстага механізму перадачы ўлады. І сам кіраўнік, паколькі ён не давярае звычайна нават свайму бліжэйшаму атачэнню, да апошняга стараецца не казаць, каго ён намеціў пераемнікам.

У такой атмасферы могуць пачацца самыя непрадказальныя працэсы. Тым болей, што мы ведаем нашую ўсходнюю суседку, ведаем тамтэйшыя візантыйскія норавы, і думаю, у Крамлі былі б вялікімі дурнямі, калі б не мелі нейкага свайго падступнага сцэнару на той момант, калі Беларусь па нейкай прычыне апынецца ў сітуацыі транзіту ўлады…» – распавядае Аляксандр Класкоўскі.

Таксама мы запыталі жыхароў Менску, ад каго бароніць Лукашэнку ягоная Служба бяспекі?

Працяг размовы у сюжэце.

Валеры Руселік belsat.eu