Беларусы найчасцей вучаць англійскую мову, а замежнікі – беларускую


Беларусы гатовыя укладаць грошы ва ўласную дадатковую адукацыю. Бо гэта інвестыцыі, якія хутка вернуцца. Напрыклад, той, хто вучыцца праграмаванню, заплаціць за паўгода 1200 рублёў. А на новай працы гэтыя грошы вернуцца за месяц. Але за навучанне беларускай мове плаціць не шмат хто.

Год навучання замежнай мове каштуе каля 1300 беларускіх рублёў. За гэты час кожнай мовай можна авалодаць на прыстойным узроўні. І беларусы гатовыя плаціць за тое, каб навучыцца новаму.

«Часам лагісты ходзяць ці праграмісты, у якіх ёсць кліенты ў Польшчы, і ім трэба хаця б мінімальна ведаць мову», – кажа Ірына Зімнева, дырэктарка Цэнтру славянскіх моваў і культураў.

Часцей за ўсё беларускую мову вывучаюць замежнікі, якія прыехалі ў Беларусь. Пры гэтым у адукацыйным цэнтры паміж сабой настаўнікі размаўляюць на роднай мове.

«Я беларускамоўная, адпаведна, я набіраю супрацоўнікаў, я правожу з імі сумоўе па-беларуску, і неяк атрымліваецца, што аўтаматычна людзі звяртаюцца да мяне па-беларуску», – распавядае Ірына Зімнева.

Неўзабаве ў краіне пройдзе перапіс насельніцтва. Сярод пытанняў будуць і тыя, што датычаць роднай мовы. Падтрымайце кампанію «Белсату» «Беларускамоўныя» – не забудзьцеся пазначыць роднаю мовай – беларускую. Ад колькасці людзей, якія дадуць такі адказ, будзе залежаць далейшая палітыка дзяржавы.

Беларускамоўны
2019.01.31 15:54

Сярод курсаў славянскіх моваў самы вялікі попыт – на польскую. На другім месцы паводле папулярнасці ў беларусаў – курсы чэшскай. А на трэцім – славацкай.

«Ідуць людзі, якія маюць грошы. Яны ж разумеюць, што за гэта ўсё трэба плаціць. Я не скажу, што беларусы ў гэтым плане нейкія… ім гэтага не трэба, яны не хочуць развівацца. Да нас прыходзяць людзі, якія сапраўды хочуць нечаму навучыцца», – дадае Ірына Зімнева.

Ганна Лахоўская выкладае беларускую і чэшскую мовы. Самай маленькай ейнай вучаніцы было 5 гадоў, а найстарэйшай – за семдзесят. Вучыцца ідуць розныя людзі, розных узростаў і з рознымі інтарэсамі.

«Я бачу, што бацькам не шкада аддаваць грошы на адукацыю. І гэта вельмі прыемна, бо яны разумеюць: калі ўкладуць у дзіцёнку зараз, то потым гэта адаб’ецца. Дапаможа і ім, і бацькам у жыцці», – кажа Ганна Лахоўская, выкладчыца беларускай і чэшскай моваў.

Найпапулярнейшая сярод усіх моваў – вядома, англійская. Адпаведна, за яе навучанне беларусы гатовыя плаціць найчасцей. Англійскую вучаць, каб здаць ЦТ, змяніць працу, падарожнічаць.

Мікалай Янкойць – з адукацыі праграміст. Выкладае курс фронт-энду – іншымі словамі, вучыць беларусаў распрацоўваць сайты. У адукацыйным цэнтры «Адукар» курсы IT каштуюць каля 200 рублёў на месяц. Прыходзяць на іх нават беларусы, якія раней не сутыкаліся з камп’ютарнай сферай. Навучанне цягнецца паўгода. Найлепшым выкладчыкі дапамагаюць знайсці працу.

«Я думаю, што попыт расце і будзе яшчэ хутчэй расці ў бліжэйшыя гады. Шкада, што толькі дадатковая. А агульная адукацыя такім попытам не карыстаецца. Бо ўсе прызвычаіліся, што яна абавязковая і сумная. А ў дадатковай адукацыі нічога сумнага няма», – кажа Мікалай Янкойць.

Калі ў Менску можна знайсці курсы на любы густ, то ў рэгіёнах з гэтым складаней. Не хапае школаў і выкладчыкаў. Людзі з гарадоў-спадарожнікаў ездзяць па адукацыю ў сталіцу. А вось для жыхара, напрыклад, Белаазёрску шлях да навучання будзе доўгім.

«Калі з англійскай – больш-менш, бывае, што ў невялічкіх гарадах каля Менску з’яўляюцца курсы, але IT ці школьныя прадметы, як правіла, вывучаюць тут. Бывае, што прыязджаюць з Віцебску, там не хапае курсаў, ці нават з Гомля, Магілёвя», – распавядае Уладзіслаў Варановіч, дырэктар развіцця адукацыйнага праекту «Адукар».

У Беларусі існуюць розныя віды дадатковай адукацыі. Акрамя моўных курсаў можна пайсці на прафесійныя. І атрымаць, напрыклад, прафесію цырульніка. Вельмі папулярныя – бізнес-трэнінгі, падчас якіх развіваюцца працоўныя навыкі спецыялістаў. Таксама існуюць дзяржаўныя адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі работнікаў і перападрыхтоўкі кадраў. Напрыклад, пасля атрымання сярэдняй або вышэйшай адукацыі можна паступіць у ВНУ і ў скарочанай форме атрымаць другую вышэйшую адукацыю.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • У Беларусі запалохваюць тых, хто атрымаў траўмы на вытворчасці
  • Беларусь не хоча злазіць з расейскай газавай іглы
  • Асацыяльная дзяржава: «Мне адмовілі ў матэрыяльнай дапамозе, бо няма ў бюджэце грошай»

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».