Свет змяняецца проста фантастычна хутка. Яшчэ зусім нядаўна камп’ютарныя гульні былі ўсяго толькі віртуальнай забаўкай, а сёння кіберспартовец – гэта прафесія з вялізнымі ганарарамі і вельмі часта вышэйшая адукацыя тут не патрабуецца. Вы ў «Прываце» з Валярынай Куставай, а тэма праграмы – «Кіберспорт, або Дагуляцца да добрага жыцця».
Госць студыі «Прыват» – кіраўнік Беларускай федэрацыі кіберспорту Дзяніс Богуш.
Госць адкажа на нязручныя пытанні Валярыны, у тым ліку пра тое, чаму ягоны сын займаецца хакеем, дачка – танцамі і ён мае час і жаданне вырасціць адукаваных дарослых людзей, якія ў шэсць гадоў могуць прачытаць тэкст на ангельскай і ўсталяваць скайп бабулі, знаходзячыся на адлегласці, але чаму не гадуе сваіх дзяцей для кіберспорту?
Каментатар кіберспартовага турніру FCDB CUP’17 Раман Палозка, трэнер кіберспартовай каманды «hellraisers» Іван Шаўцоў і кіберспартовец Алі Рыза Айгюн патлумачаць, што такое турніры па кіберспорце. «Прыват» пабываў на такіх спаборніцтвах у Менску.
Кіберспартовец Кірыл Цароў распавядзе, як складаюцца кар’еры паспяховых беларускіх кіберспартоўцаў.
Псіхолаг Аляксей Бачароў зверне ўвагу на тое, чым шкодныя і чым карысныя кампʼютарныя гульні? І якія небяспекі тоіць захапленне моладдзю кіберспортам?
Ці справядлівыя перасцярогі і хваляванні бацькоў за лёс дзяцей, што не хочуць атрымліваць адукацыю, а суткамі сядзяць у кампʼютарных гульнях у надзеі зарабіць і рэалізавацца ў гэтым? Чаму падлеткі, гаворачы іхным слэнгам, «забіваюць» на школу праз захапленне камп’ютарнымі гульнямі?
Як перажываюць кіберспартоўцы свае паразы?
А ці завісаеце ў камп’ютарныя гульні вы? Дзеля чаго? Дзяліцеся з «Прыватам», бо «Прыват» – гэта, у прыватнасці, і пра вас.
Праграму «Прыват» Валярыны Куставай глядзіце кожны аўторак а 19:00 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), а таксама онлайн на нашай старонцы.