«Беларусы – вельмі эканомныя людзі», – распавёў пра незвычайны рэцэпт нашых продкаў кухар Аляксандр Чыкілеўскі ў кулінарным шоу «Я не буду гэтага есці!», новы сезон якога стартаваў на «Белсаце».
Гэтым разам мы накіраваліся ў Кіеў скараць страўнікі ўкраінскіх зорак. Госцяй студыі была спявачка Руслана, пераможца «Еўрабачання-2004» і актывістка Майдана ў 2004 і 2014 гадах. У шоу «Я не буду гэта есці!» вядомыя людзі дзеляцца з намі сваймі кулінарнымі траўмамі: распавядаюць, да якой стравы не могуць дакрануцца з дзяцінства і чаму.
Задача нашых шэф-кухараў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага змяніць рэцэпт так, каб наш герой з’еў усё да апошняй лыжкі ды папрасіў яшчэ. Напрыканцы праграмы госць абірае пераможцу кулінарнай бітвы.
Руслана была цяжкім выпрабаваннем для нашых шэф-кухараў: яна не ясі амаль нічога апрача сырой гародніны. Пры гэтым не ўжывае солі. А заданнем было прыгатаваць суп, які ёй прыйшоўся б да спадобы. Вольга Прыгарава вырашыла зрабіць сонечны суп-пюрэ з гарбуза на какосавым малацэ. Аляксандр Чыкілеўскі, які займаецца адраджэннем традыцыйнай беларускай кухні, мадыфікаваў старажытны рэцэпт, які знайшоў у кнізе пра Нясвіжскі замак.
«У чым яго асаблівасць? Я буду рабіць булён на сушанай бульбе. Беларусы – вельмі эканомныя людзі. Бульбу – на дранікі. А тое, што застаецца, мы высушваем і на гэтым робім духмяны булён. Вельмі рэдкі рэцэпт», – распавёў ён у студыі.
Адціснуты з надзёртай бульбы крухмал нашыя продкі таксама выкарыстоўвалі. Рабілі з яго блінцы, якія рэзалі на паскі, падсушвалі ды елі з соусам.
«Ніякія не амерыканцы, а беларусы прыдумалі першыя чыпсы!» – дадае Аляксандр Чыкілеўскі.
Для булёна з гародніны:
1. Для прыгатавання чыпсаў нячышчаную бульбу заліць халоднай вадой, пачакаць, каб сышоў бруд, затым старанна вымыць кожную бульбіну. Высушыць, абраць, шалупінне падсушыць у духоўцы. Разам з бульбай можна падсушыць цыбулю.
2. Гатуем булён з гародніны. Чысціць яе не трэба, дастаткова старанна вымыць, як бульбу для чыпсаў. Для пачатку абпалім усё, акрамя кораня салеры, на сухой патэльні – да чорнай скарыначкі (нашыя продкі дадавалі ператопленае сметанковае масла, але для Русланы мы гатуем нізкакаларыйную версію без тлушчу). Так булён набудзе прыгожы залацісты колер. Абпаленую гародніну складаем у рондаль. Дадаем сцябло салеры і спецыі, халодную ваду, даводзім да кіпення, здымаем пену, памяншаем агонь і варым да мяккасці морквы.
3. Заліваем бульбяныя чыпсы булёнам з гародніны, варым 5-10 хвілін, каб яны аддалі свой водар, і вымаем. Працэджваем.
4. Памідоры бланшуем, выдаляем скурку, насенне і наразаем кубікам.
5. Гарбуз і шампіньёны наразаем сярэднім кубікам, дадаем гарошак і абсмажваем на алеі.
6. Да абсмажанай гародніны дадаем памідоры, смажым яшчэ крыху, уліваем бульбяны і грыбны булён. Даводзім да кіпення, дадаем грыбы і фасолю. Варым да гатовасці.
Ці спадабаўся Руслане стары беларускі суп? Хто перамог у кулінарнай бітве? Як выглядае «замак» на сонечных батарэях, у якім Руслана жыве ва Украіне? І як яна раскідала па сцэне дзясяткі тысяч долараў? Пра ўсё гэта – у новым выданні кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці!» (відэа ў пачатку артыкула).
Шоу «Я не буду гэтага есці!» глядзіце штонядзелю а 19:35 паводле менскага часу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Astra 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў архіве на нашай старонцы.
Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на Facebook, у «Одноклассниках» і ў Instagram.