А цяпер – удвая нетыповая сітуацыя для Беларусі. Па-першае, Дрыбінскі раённы суд разглядаў справу аб дызлайку ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». Па-другое, суд стаў на бок абвінавачанага – мясцовага актывіста Андрэя Юркова, і адмяніў свой жа ранейшы вырак аб аштрафаванні Юркова за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Гаворка пра дызлайк, які актывіст паставіў у «Аднакласніках» пад выявай нацысцкай сімволікі, за што спачатку і атрымаў 10 базавых штрафу.
Андрэй Юркоў дзеліцца сваймі ўражаннямі ад суду:
«Уражанні вельмі прыемныя. Таму што ў рэшце рэшт суд аб’ектыўна падышоў да гэтай справы, абʼектыўна яе разгледзеў. І вынес той вырак, якога напэўна чакаў не толькі я, а багата карыстальнікаў сацыяльных сетак. Адменена было папярэдняе рашэнне. І дзякуй Богу ўсё на нашу карысць, на карысць дэмакратыі, на карысць свабоды слова ў гэтай сітуацыі і на карысць сацыяльных сетак актыўных».
Падобныя працэсы былі раней, але яны скончваліся сумна для абвінавачаных. Юркоў лічыць, што ў яго справе суд даў задні ход, дзякуючы рэакцыі людзей і яго актыўнай пазіцыі.
«З іншага боку цалкам верагодна, што абсурднасць гэтай сітуацыі нават паўплывала на суддзю», – кажа Андрэй Юркоў.
Андрэй самацэнзуру не ўключыць і не будзе асцярожней расстаўляць падабайкі і дызлайкі. Ён будзе змагацца за свабоду, нават калі дзяржава захоча абмежаваць яго волю.
Працяг размовы глядзіце ў відэа.