Афіцыйна: «Лукашэнка – Гаў...к!» NEXTA на «Белсаце»


Дыктатура – гэта наш брэнд, – заявіла прэс-сакратарка Лукашэнкі. Паводле Наталлі Эйсмант, неўзабаве ў свеце можа з’явіцца запатрабаванне на дыктатуру. Можа, з катэджа ў драздах ці з вакна майбаха дыктатура і прывабна выглядае, але калі глядзець вачыма простага беларуса, то карцінка іншая. Што ж выбітнага стварыла дыктатура на гэтым тыдні, даведаемся з фельетону Вольгі Старасцінай.

Метадаў Міністэрства адукацыі недастаткова, каб са школаў выходзілі разумныя і выхаваныя дзеці. Цяпер настаўнікам будуць дапамагаць… вайскоўцы. Міністэрствы абароны і адукацыі правялі мазґавы штурм і прыдумалі новую школьную пасаду: намеснік дырэктара для патрыятычнага выхавання. Гэта і начальнік, і выхавальнік патрыятызму, і ваенрук, і медрук адначасова.

Жыхары Менску кажуць:

«Там, дзе ўлазіць Міністэрства абароны, не вельмі добра на выхадзе атрымліваецца».

«Я не думаю, што гэта дапаможа патрыятычна выхоўваць моладзь».

«Марная трата грошай бюджэтных. Патрыятызм не можа быць без роднай мовы».

«Намеснік – гэта зноў жа дармаед, не трэба ніхто».

Намеснік па патрыятычнага выхавання – гэта зноў жа ідэолаг. Такія пасады ёсць на кожным прадпрыемстве, ува ўсіх навучальных установах і ў выканкамах. Што ж робяць прадстаўнікі гэтай важнай прафесіі? Мы запыталі ў менчукоў.

Жыхары Менску кажуць:

«Яны ж нічога не робяць, а толькі – локшыну на вушы народу і людзям».

«Яны кажуць жыць вось так, а ты нават не ведаў пра гэта».

«Мазгі пудраць».

«Пудраць мазгі, але яны самі пад страхам і ствараюць сістэму страху, ажыятаж страху, Беларусь накрыла воблака страху».

«Вось мы працуем у гэтым будынку, Інстытут ідэалагічнай працы, робім апытанні насельніцтва: як насельніцтва хоча жыць, з кім сябраваць, як зарабляць».

Беларусы адказваюць, а ўлады ўсцяж не чуюць. Вось і даводзіцца замест заробку жыць на крэдыт. Мы ўжо банкам вінныя 12 мільярдаў рублёў!

Жыхары Менску кажуць:

«Я ўвесь час у крэдыце, і аддаваць вельмі цяжка, вельмі!»

«За заробак не купіш ні кватэры, ні машыны».

«Таму мае дзеці павыязджалі, каб там купіць кватэру, і ў іх гэта атрымалася, а тут – ніяк».

Ніяк, калі ты працуеш галавою ці рукамі. Затое без праблемаў, калі працуеш клюшкаю! Менскія хакеісты са свайго заробку могуць набыць і кватэру, і аўтамабіль. Улады хаваюць, але выпадкова стала вядома, што летась менскі клуб «Дынама» выдаткаваў на заробкі хакеістам адзінАццаць мільёнаў долараў, аднак перамогам гэта не паспрыяла.

«Галоўнае – закідваць, а нашыя прафесіяналы не трапляюць проста ў браму. Наколькі грошы ці заробкі дапамогуць гэта рабіць, я не ведаю», – кажа спартовы аглядальнік Алесь Пуціла.

Можа, дапамогуць ПАГРОЗЫ Лукашэнкі? Кіраўнік краіны пагражае пакараць хакеістаў тым, што для неспартоўцаў застаецца мараю: заробкам 500 долараў.

Аляксандр Лукашэнка:

«Выиграли – всё рассчитываем, отдаем. Проиграли – пятьсот долларов».

Але як хакеісты могуць выйграваць, калі іх увесь час вучаць прайграваць? Каб выйграваў Лукашэнка!

Ці то сумленне з’явілася, ці то грошай у краіне катастрафічна не стае, але сёлета хакеістам скарацілі ганарары: сярэдні заробак гульца, які не паказвае выбітных вынікаў, складзе… 200 тысяч долараў.

А тым часам палова тых, хто не гуляе, а працуе, жывуць на 250 долараў за месяц. Паводле Белстату, за рысаю беднасці – кожная 13-ая сям’я з дзецьмі. «Нават не ведаем, як жыць, а працаваць трэба. Кожны дзень ходзім на працу», – кажа жыхарка Шаркаўшчыны.

Ну і як назваць кіраўніка краіны, які пабудаваў такую стабільнасць? Лукашэнку можна называць прэзідэнтам, але не пажадана, бо сапраўдных прэзідэнтаў абіраюць. Непажадана, але можна называць Лукашэнку… «гаўнюком». І вам за гэта нічога не будзе! Бо ўжо чарговы раз органы адмовіліся заводзіць крымінальную справу на апазіцыянера, які на эмоцыях гэтак назваў кіраўніка краіны. Праваахоўнікі палічылі гэты эпітэт усяго толькі «негатыўнай ацэнкай», а не абразаю прэзідэнта.

Жыхары Менску кажуць:

«Нельга так называць, гэта няправільна».

«Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча? Мы працуем пры ім, і я дзвюма рукамі «за»! Мне ўсё падабаецца, як ён у дзяржаве сябе паводзіць, як з людзьмі размаўляе».

«Гэта не самае горшае, як яго называюць, можа, толькі не ўсе чулі як, але назваць яго варта».

«Дзярмо, як ні назаві, яно ўсё роўна дзярмо! Я не хачу сказаць, што Лукашэнка дрэнны чалавек і не хачу яго абразіць, але ж, калі судзіць па справах, якія я бачу на працягу 25 гадоў, дык усе гэтыя справы – дзярмо».

Вольга Старасціна, «Суб’ектыў», «Белсат»