Ад прадзедаў спакон вякоў НЕ засталася спадчына


Што звязвае Віктора Гюго і сярэдняга жыхара беларускай сталіцы? Гісторык, культурны антраполаг, выкладчык Сцяпан Стурэйка ўпэўнены, што французскага пісьменніка і сучаснага менчука яднае незадаволенасць тым, што адбываецца з іхнай культурнай спадчынай.

У студыі «Размовы Сцебуракі» Сцяпан Стурэйка цытуе Гюго, які яшчэ ў ХІХ стагоддзі скардзіўся на тое, што перабудаваны Нотр-Дам не здолее прывабіць у Парыж турыстаў. Той самы Нотр-Дам, пажар у якім сённяшнія еўрапейцы назвалі найбуйнейшай культурнай трагедыяй апошняга часу. Гісторык адзначыў, што не заўжды трэба арыентавацца на прывабліванне турыстаў. У пытаннях захавання гістарычнай спадчыны няблага падбаць найперш пра сябе.

«У Курапатах у нас уся гэтая сітуацыя – гэта што, дзеля турыстаў? Асмалоўка – іншы прыклад. Гэта што, дзеля турыстаў? Далёка не ўсё адбываецца дзеля турыстаў. Расейскія бізнесоўцы набываюць сёння нашыя сядзібы ды інвестуюць туды сур’ёзныя грошы. Таксама, па вялікім рахунку, не для турыстаў», – выказаўся госць праграмы.

Што такое «караблі Тэсэя», і чаму пластыкавыя вокны ў сярэднявечных замках – не так ужо і дрэнна? Глядзіце ў «Размове Сцебуракі» з гісторыкам, культурным антраполагам Сцяпанам Стурэйкам.