Грамадзянская вайна ў Беларусі непазбежная?


Лепш Беларусь адзіная, а вызваленне яе больш расцягнутае ў часе, чым падзеленая ў выніку грамадзянскай вайны. Так лічыць Рудкоўскі. Гэта не грамадзянская, а нацыянальна-вызвольная вайна, і важна ўратаваць хоць бы палову Беларусі. Лічыць Рудзік. Хто мае рацыю?

«Рызыка грамадзянскай вайны – прычына, праз якую трэба сем разоў падумаць, перад тым, як планаваць узброенае паўстанне ў Беларусі. І гэта прычына, з якой замежныя ўрады амаль пэўна не падтрымаюць такога сцэнару», – лічыць палітолаг Пятро Рудкоўскі.

Ён тлумачыць, што пагроза рэзкага ўсплёску колькасці бежанцаў з Беларусі ў выпадку грамадзянскай вайны – той фактар, які прымушае ўрады нашых суседзяў асцярожна ставіцца да беларускага пытання.Для рэалізацыі ж сцэнару з узброеным паўстаннем неабходнае выкананне дзвюх умоваў: беларуская армія павінна быць як мінімум нейтральная, а Масква – не аказваць дапамогі рэжыму Лукашэнкі.

Ян Рудзік заяўляе, што Польшча і Украіна ўжо падтрымоўваюць беларусаў, даючы нам магчымасць займацца вайсковай падрыхтоўкай. Гэта выклікана тым, што рэжым Лукашэнкі нясе небяспеку сваім суседзям, а таксама тым, што Беларусь – гэта сэрца Міжземнамор’я (Intermarium).

«Гэта будзе не грамадзянская, а нацыянальна-вызвольная вайна, бо нашая краіна каланізаваная, таму што мы маем яе пад акупацыяй. І мы будзем весці менавіта нацыянальна-вызвольную барацьбу», – заяўляе Ян Рудзік.

Пры гэтым у разуменні блогера поспехам будзе нават такі варыянт развіцця падзеяў, «калі нам удасца выратаваць хаця б палову Беларусі».

Госці праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым:

Пятро Рудкоўскі, палітолаг, акадэмічны дырэктар BISS

Ян Рудзік, блогер, прадстаўнік арганізацыі «Рух»

Праграму «Двубой» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат News» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.