Марзалюка – пад трыбунал з Лукашэнкам, Бондараву – у Навінкі?


Марзалюка – пад трыбунал з Лукашэнкам, Бондараву – у Навінкі? Сідорская vs Сіўчык. ДвубойЛукашысты ў Беларусі сварацца і змагаюцца за ўвагу Лукашэнкі. Гэта нам даводзіць прапаганда. Але чаму тое маніпуляцыя – і чаму Марзалюк пойдзе пад трыбунал разам з Лукашэнкам, а Бондарава і Азаронак – у Навінкі? Сідорская і Сіўчык, новы «Двубой».

Заява лукашэнкаўскага гісторыка і аднаго з ідэолагаў лукашызму Ігара Марзалюка на найгалоўнейшым лукашэнкаўскім медыя БелТА пра тое, што беларусы ніякія не еўразійцы, а еўрапейцы, нарабіла шуму. Найперш пакрыўдзіўся Дзермант, які называе сябе філосафам і намагаецца прыцягнуць за вушы «еўразійства» ў Беларусь, а яшчэ і «скіфства». Аднак чаму такія заявы Марзалюка гучаць цяпер, напярэдадні «бязвыбараў» 25 лютага?

Hавiны
Дэпутат Ігар Марзалюк: Беларусы – еўрапейцы, а еўразійства – гэта трызненне
2024.01.21 10:48

«У беларускай прапагандзе ёсць дзве плыні. Для першай квінтэсэнцыяй будзе савецкая Беларусь. Там ідэал – моцная ўлада, там не патрэбныя ніякія правы чалавека, але там Беларусь – суверэнная дзяржава. І гэтыя людзі думаюць так: мы сябруем з расейцамі, мы нават браты, але мы цяпер, так бы мовіць, выраслі і хочам жыць ва ўласнай кватэры. І мы хочам, каб парадкі мы самі рабілі ў гэтай уласнай кватэры. Другая плынь – гэта знішчэнне ўсяго беларускага. Вось гэтыя людзі – яны супраць дзяржаўнага суверэнітэту. Яны здзекуюцца з беларускай мовы і беларускіх герояў. Яны адмаўляюць уласную гісторыю. І для іх ідэал – вялікі расейскі народ. Яны не хочуць ніякай самастойнасці, яны не хочуць прымаць самастойных рашэнняў, бо за іх трэба несці адказнасць. І хай гэта робіць наш «старэйшы» брат», – тлумачыць медыяэкспертка Ірына Сідорская.

Палітык Вячаслаў Сіўчык з ёю не згодны. Паводле яго, пры Лукашэнку не можа быць дзвюх плыняў:

«Гэтая ўлада абсалютна антыбеларуская. І тыя людзі – скажам, Марзалюк, якога прыгадваюць, – калі ідуць служыць гэтай бандзе, яны нават не могуць быць нармальнымі калабарацыяністамі, бо вельмі часта вымушаныя казаць нават тое, чаго б не хацелі гаварыць».

І ўсё ж чаму гэты «канфлікт» ці, як зазначае спадарыня Сідорская, яго імітацыя адбываецца менавіта цяпер? Чаму Ігар Марзалюк у новай Беларусі панясе значна большае пакаранне, чым сумнавядомая даносчыца Вольга Бондарава? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы «Двубой»:

  • Ірына Сідорская, медыяэксперт, доктар філалагічных навук
  • Вячаслаў Сіўчык, лідар руху салідарнасці «Разам»

Праграму «Двубой» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат News» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.